Што будзе з эканомікай, калі ўлады вырашаць залагодзіць народ перад выбарамі

Што будзе, калі на фоне няўдалай знешняй кан'юнктуры ўлады вырашаць залагодзіць беларусаў ростам заробкаў? / Reuters
Што будзе, калі на фоне няўдалай знешняй кан'юнктуры ўлады вырашаць залагодзіць беларусаў ростам заробкаў? / Reuters

Аслабленне беларускага рубля і нявызначанасць з пастаўкамі нафты абяцаюць няпросты год для беларускай эканомікі. Да таго ж не пазней за 30 жніўня 2020 года павінны прайсці прэзідэнцкія выбары. Што будзе, калі на фоне няўдалай знешняй кан'юнктуры ўлады вырашаць залагодзіць беларусаў ростам заробкаў? Варта ўжо цяпер запасацца бензінам і рыхтавацца да дэвальвацыі?

"Я нядаўна чытаў лекцыю, і адна студэнтка задала пытанне: "Ці праўда, што пасля жніўня долар будзе каштаваць пяць рублёў?" У істэрыю таксама перарастае нявызначанасць наконт нафты. Ну і ёсць у беларусаў страхі: чым даўжэй усё спакойна, тым да горшага сцэнара трэба рыхтавацца", — разважае дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

За апошнія тры тыдні беларускі рубель абясцэніўся да долара ЗША на 9 капеек, гэта каля 4%. Эксперт заўважае, што летась рубель таннеў хутчэй. А значыць, гэта не больш чым сезонная з'ява, прычым не ў самым жорсткім выглядзе.

Что будет с экономикой, если власти решат задобрить народ перед выборами
Аляксандр Чубрык / TUT.by

"Гаварыць пра тое, што на валютным рынку адбываецца нешта экстраардынарнае, не варта. Дэвальвацыі ў гадавым выражэнні няма. У кароткатэрміновым — таксама. Гэта не гістарычныя максімумы", — кажа Чубрык.

Сур'ёзны рост заробкаў на працягу 2020 года ІПМ лічаць малаімаверным.

Па іх прагнозах, у 2020-м сярэднегадавая зарплата дасягне 1165 рублёў за месяц, у 2021-м павялічыцца да 1225 рублёў, у 2022-м — да 1285 рублёў. Даследчы цэнтр прагназуе далейшае зніжэнне інфляцыі: да 4,5% у гэтым і ў наступным годзе і да 4% у 2022-м.

Што будзе з ВУП?

У снежні 2019 года эксперты прагназавалі рост ВУП у 2020 годзе на 1%. Сёння гэты прагноз зніжаецца амаль у два разы — да 0,6%. Пагаршэнне звязана ў першую чаргу са скарачэннем даходаў ад нафтаперапрацоўкі.

"Цана на нафту для Беларусі вырасла з 65% ад сусветнай цаны ў 2015 годзе да каля 80% у 2019 годзе, — канстатуе Аляксандр Чубрык. — Сёлета цана паставак нафты з Расіі вырасце да 83-85% ад сусветнай цаны".

 

Что будет с экономикой, если власти решат задобрить народ перед выборами
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка / Reuters

У такім выпадку Беларусь вымушана будзе скараціць імпарт нафты прыкладна да 15-15,5 млн тон з 17,6 млн тон у 2019 годзе. Адпаведна, НПЗ не будуць загружаныя на поўную магутнасць.

"Эканамічны цыкл знаходзіцца ў адмоўнай зоне ўжо практычна год — з сакавіка мінулага года. Падстаў чакаць паскарэння росту няма, рэзкага запаволення — таксама. Няма ні песімізму, ні аптымізму ў прагнозах", — падсумоўвае Аляксандр Чубрык.

Пры гэтым негатыўныя шокі могуць звесці эканамічны рост да нуля ці выліцца ў рэцэсію. Напрыклад, пакуль што ў Беларусі адсутнічаюць кантракты на пастаўку калійных угнаенняў у Кітай. Ускладняецца сітуацыя ўспышкай новага каранавіруса. Гэта можа аказаць негатыўны ўплыў на тэмпы росту эканомікі, як ва ўсім свеце, так і ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі