Што рабіць з гучнымі матацыклістамі, якія замінаюць спаць па начах
Традыцыйна ў летні перыяд на вуліцах вялікіх гарадоў з’яўляецца шмат матацыклістаў. Яны выклікаюць нямала прэтэнзій ды абурэнняў з боку аўтааматараў ды звычайных жыхароў. Але ў спёку, калі цяжка спаць з зачыненымі вокнамі, людзі актыўна абмяркоўваюць аматараў начных пакатушак, чые маторы чуваць за некалькі кварталаў.
“Злосці пост. Хай у пекле матацыклісты калыхаюць двойню, якая плача, абуджаная імі некалькі разоў на працягу дня. А яшчэ хай задыхаюцца ад спякоты з-за таго, што нельга адчыніць вокны ў дзіцячым пакоі з-за іх калымаг”, — напісала на сваёй старонцы вядомая журналістка Каця Пытлева, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэце і гадуе дваіх 6-месячных блізнят.
Пост сабраў шмат каментарыяў. Абураныя жыхары Мінска перакананыя, што мотааматары наўмысна пераробліваюць глушыцелі, каб іх было чуваць здалёк, бо гэта для іх паказчык крутасці. Нехта прапануе зрабіць у горадзе гадзіны цішыні, альбо ўвогуле забараніць вялікім групам матацыклістаў збірацца разам і выязджаць па начах. Самі ўладальнікі матацыклаў апелююць да таго, што гэта горад, дзе ездзіць па дарогах можна ў любы час, а калі камусьці гэта не падабаецца, то прапануюць перабірацца ў вёску, дзе “ціха і спяваюць птушкі”.
Але ці існуе нейкая шумавая норма для транспартных сродкаў, ці могуць прайсці тэхагляд матацыклы са змененымі глушыцелямі, ці ведае пра гэту праблему ДАІ і хто насамрэч мае рацыю: звычайныя гараджане ці мотааматары?
“А давайце паставім пытанне па-іншаму, — прапануе эксперт па ПДР, ДТЗ і байкер са шматгадовым стажам Аляксандр Канапліцкі. — Калі вы пакупалі кватэры побач з дарогай, вы ж разумелі, што гэта дадатковы шум? Таму гэта прэтэнзія з разраду “прыбярыце дарогу, яна перашкаджае спаць”. Але транспартны сродак прызначаны для перасоўвання па дарозе і, калі я яго набыў законна і калі па канструкцыі завода матацыкл такі, то што тут рабіць? Гэта афіцыйныя глушыцелі! Вы проста не бачылі матацыкла без глушыцеля, бо побач з ім увогуле стаяць немагчыма”.
Аляксандр абураны тым, што ўсіх мотааматараў раўняюць. Маўляў, людзі ж розныя. Напрыклад, ён правілы не парушае, хоць тэхнічна яго байк дазваляе многае:
“Пакуль вы будзеце толькі перадачу пераключаць, я для вас пераўтваруся ў кропку на гарызонце, але ж я гэтага не раблю!”
Аляксандр дадае, што раней, калі байкеры збіраліся на Нямізе, да іх часта прыязджала моладзь на спартовых матацыклах. Яны размаўлялі, дзяліліся досведам, вучылі што можна рабіць, а што не. Цяпер жа, калі Верхні горад зрабілі пешаходным, збірацца няма дзе, а адпаведна, і паўплываць на юнакоў немагчыма. Што ж тычыцца гучнасці рухавікоў, то па перакананнях эксперта, многія спартовыя матацыклы проста не могуць ціха ездзіць, бо так сканструяваныя. А гэта ўжо праблема, якую так проста не вырашыш.
“Каб нешта змяніць, трэба мяняць правілы, — працягвае эксперт. — Прывяду вам прыклад. Рух на роварах дазволены па дарозе толькі з люстэркам задняга віду. Ці шмат вы бачылі мадэляў ровараў, якія камплектуюцца заводам вытворцам такім люстэркам? Але вы набылі люстэрка і паставілі. Зноў ідзем у правілы, а там напісана, што гэта змена канструкцыі транспартнага сродку, то бок яго масагабарытных характарыстык, якая забаронена без дазволу завода-вытворцы. Вы люстэрка паставілі — габарыты змяніліся? Значыць, штраф. Вось і атрымліваецца, што без люстэрка едзеце — штраф, і з люстэркам едзеце ― таксама штраф”.
З 2015 года ў Беларусі ўсталяваны шумавы нарматыў для матацыклаў. Гучнасць выкіду адпрацаваных газаў рухавіка не можа перавышаць 96 дэцыбелаў. Для параўнання, ўзровень шуму ад працуючай бензапілы — у сярэднім 100 дэцыбелаў. Але сапраўды ёсць выпадкі, калі матацыкл можа прайсці тэхагляд нават з перавышэннем гэтай мяжы.
“Па мяжы ў 96 Дб замер адбываецца, калі на глушыцелі няма таблічкі з шумавымі характарыстыкамі ад завода-вытворцы, — кажа інжынер адной са сталічных станцый тэхабслугоўвання. — Калі таблічка ёсць, то мы проста звяраем яе паказчыкі з дадзенымі шумамера. Але звычайна характарыстыкі завода вытворцы не перавышаюць 96 дэцыбел”.
Паводле інфармацыі ДАІ, ад пачатку сезона на матацыклістаў з гучнымі байкамі складзена каля ста пратаколаў. Праўда, шумныя рухавікі — толькі нагода для праваахоўнікаў праверыць дакументы, бо штрафуюць звычайна за іншае.
“Ёсць матацыклы спартовыя, а ёсць трэкавыя, — кажа прэс-сакратар мінскай ДАІ Сяргей Заранік. — Звычайна яны пераробліваюць трэкавыя і пачынаюць псаваць людзям нервы. То бок яны наўмысна парушаюць закон, бо пры гэтым не праходзяць тэхагляд. Натуральна, што ДАІ іх ловіць і штрафуе. Але якая сярэдняя сума штрафу, сказаць не магу. Бо гэта індывідуальна па кожным матацыкле, там можа быць шмат розных крытэрыяў — недзе пераабсталяваў, недзе тэхагляд не прайшоў, недзе паўторна цягам года, невыкананне прадпісання — гэта розныя лічбы, але агулам выходзіць немалая сума”.
Жыхарам дамоў, каля якіх матацыклісты рэгулярна спаборнічаюць у хуткасці і гучнасці, Сяргей Заранік раіць проста звяртацца ў ДАІ. Праўда, як гэта дапаможа ва ўмовах, калі матацыкл рухаецца, незразумела.