Што танней, прыватызаваць жыллё ці арэндаваць яго ў дзяржавы

Што танней, прыватызаваць жыллё ці арэндаваць яго ў дзяржавы

З 1 ліпеня ўсё непрыватызаванае жыллё стане камерцыйным. То бок, апроч платы за камуналку, жыхарам давядзецца плаціць яшчэ і за арэнду кватэры.

"Чакаем жыроўкі, а там вырашым, — кажа пенсіянерка Галіна, якая жыве ў дванаццацікватэрным доме ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Яна і ўсе суседзі на ўсялякі выпадак падалі заявы на прыватызацыю кватэр у ЖКГ, але да канца даводзіць справу не спяшаюцца, бо маюць права завяршыць працэдуру цягам года.

Прыватызацыя двухпакаёвай кватэры плошчай у 48 квадратных метраў абыдзецца Галіне ў 51 мільён. Першы ўзнос складае 5 мільёнаў, то бок, 10% ад агульнай сумы, а цягам астатніх дваццаці гадоў яна будзе выплочваць 191 тысяч у месяц ужо за сваё жыллё.

У той жа час арэнда аднаго квадратнага метра ў Іванаўскім раёне каштуе ўсяго 1260 рублёў. То бок, месячны кошт арэнды кватэры пенсіянеркі складзе ўсяго 61 тысячу. Праўда, кошты на арэнду, як і на камуналку, могуць расці, бо яны завязаныя на базавую велічыню. Таму пакуль Галіне сапраўды больш выгадна арэндаваць сваю кватэру.

Што танней, прыватызаваць жыллё ці арэндаваць яго ў дзяржавы
Вось так выглядае дом, з прыватызацыяй якога жыхары пакуль не вызначыліся

У колькі абыдзецца арэнда кватэры ці дома ў Мінску? 

Каб вылічыць суму, трэба агульную плошчу жылля памножыць на 0,2 базавай велічыні, каэфіцыент якасці інфраструктуры (іх 5 па Мінску, залежаць ад адлегласці да цэнтра горада) і паніжаючы каэфіцыент 0,2. То бок, за арэнду двухпакаёўкі такой жа плошчы, як у вясковай пенсіянеркі, у Шабанах трэба будзе заплаціць прыкладна 200 тысяч. А вось у цэнтры — 600 тысяч.

Праўда, 10 чэрвеня, за 20 дзён да завяршэння прыватызацыі дзяржаўнага жылля, у “Адным акне” і Разлікова-касавых цэнтрах Мінска… адмаўляюцца лічыць арэнду кватэр:

“Мы не ведаем, як лічыць, нам яшчэ гэта не даводзілі. Мы не ведаем каэфіцыентаў, там жа трэба неяк па зонах гэта лічыць, пакуль не ў курсе”.

Аднак у мясцовых выканкамах Еўрарадыё супакойваюць: праз тыдзень спецыялісты цэнтраў будуць у курсе ўсіх "арэндных" пытанняў.

 

Што адбудзецца з непрыватызаваным жыллём 1 ліпеня?

Яно пяройдзе ў фонд камерцыйнага жылля дзяржфонда.

 

Ці можна будзе прыватызаваць кватэру пасля 1 ліпеня?

Не, калі вы не ўваходзіце ў адну з 12 катэгорый грамадзян, якія могуць перавесці сваю кватэру ці дом у статус сацыяльнага жылля (дзеці-сіроты, непрацуючыя і самотныя інваліды І і ІІ ступені, Героі Беларусі і СССР і г.д.).

 

Пасля смерці бацькоў, на якіх была аформленая кватэра, ці могуць у ёй жыць далей дзеці?

Так, ім трэба быць прапісанымі ў кватэры і перааформіць дамову найму на сябе.

 

Ці ёсць тэрміны ў дамовы найму арэнднага жылля?

"Згодна з указам №563, заключаюцца дамовы найму на ўстаноўлены ў ранейшых заключаных дамовах найму тэрмін, а калі ў іх тэрмін не пазначаны, а таксама пры адсутнасці пазначаных дамоваў, бестэрмінова", — тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік аддзела жыллёвай палітыкі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Наталля Разак.

 

Што можа стаць прычынай высялення з арэнднага жылля?

Неаплата камуналкі ці арэнднай платы цягам двух месяцаў альбо, калі наймальнік не працягвае ў патрэбны тэрмін дамову найму.

"Высяленне — гэта працэдура вельмі доўгая. І як паказвае практыка, людзі да суда ўсё аплачваюць і застаюцца там жыць", — супакойвае Наталля Разак.

Па ацэнках спецыялістаў, у сярэднім перавод жылля ва ўласнасць па Мінску абыходзіца ў 150-250 мільёнаў. Праўда, жыллё, пабудаванае пазней 2000 года, выйдзе даражэйшым. У любым выпадку, грошы за яго можна выплачваць цягам сарака гадоў, а кватэру перадаваць у спадчыну. Калі ж пасля смерці ўласніка, які выплачвае грошы за ўласнае жыллё, няма спадчыннікаў, дзяржава забірае такую кватэру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі