Што трэба ведаць па гісторыі, каб здаць тэст на 3 балы і паступіць
“Тры балы па матэматыцы — гэта дастаткова адказаць на 1-2 пытанні. Нічога не трэба рашаць”.
Мінадукацыі валявым рашэннем зніжае мінімальныя парогавыя балы па тэставанні. Цяпер паступіць на бюджэт на спецыяльнасці “пачатковая адукацыя” ці “энергетыка” можна, нават маючы 30 балаў за тры тэсты! Будучым афіцэрам ды сельгасработнікам дастаткова 9 балаў па трох тэстах.
Еўрарадыё спыталася ў рэпетытараў, што трэба ведаць, каб напісаць тэст на 3 балы. Варта папярэдзіць, што многія выкладчыкі ў адпачынку і не сочаць за навінамі ў адукацыі, таму не разумелі, пра якія 3 балы за тэст па фізіцы пытаецца Еўрарадыё.
“А вы ўпэўненыя, што гэта праўда? — некалькі разоў перапытвае мяне рэпетытар па фізіцы Юрый Бельскі з Гомеля. Выкладчык не верыць, што з трыма баламі па фізіцы цяпер можна некуды пайсці. — Тры балы — гэта дастаткова адказаць на 1-2 пытанні. Там заўсёды ёсць такія пытанні ў частцы А, дзе нічога не трэба рашаць. Да прыкладу, выбраць правільную адзінку вымярэння. Каб не набраць тры балы, трэба ўвогуле не адказваць! Мо ВНУ спадзяюцца на тое, што няхай абітурыенты да іх паступяць, а там ужо яны возьмуць у яжовыя рукавіцы і заставяць вывучыць?”
Да прыкладу, трэба ведаць, што такое гіпатэнуза, — гаворыць рэпетытар па матэматыцы Зміцер Караткевіч. Адно пытанне ў тэсце па матэматыцы дае абітурыенту прыкладна 1,5 бала. Два правільныя адказы — і паступленне ў кішэні!
Каб ведаць гісторыю на тры балы, дастаткова вывучыць нейкі адзін перыяд, заўважае сталічны рэпетытар па гісторыі Аляксандр Луцэвіч.
“Я разумею, што пытанне хутчэй саркастычнае. 3 балы па гісторыі — гэта смешна, — кажа Аляксандр Сяргеевіч. — А калі сур’ёзна... ну, трэба арыентавацца ў вайне. Бо гэтаму надаецца многа ўвагі, дастаткова паглядзець па тэлебачанні перадачы, прысвечаныя 3 ліпеня ці 9 мая, і на тры балы можна здаць. Хаця які будуць вайскоўцы, калі гісторыя ў іх на тры балы?”
“Нічога не трэба ведаць. Заўсёды ёсць тэсты, якія можна здаць, не ведаючы нічога — угадаць”, — выкладчыца рускай мовы Таццяна Малаковіч з Магілёва новымі мінімальнымі баламі тэстаў шакаваная.
Па словах настаўніцы, на тры балы ведае двоечнік, які сядзіць на апошняй парце і краем вуха нешта там чуе.
“На выхадзе і атрымаем такіх спецыялістаў”, — уздыхае настаўніца.
Па англійскай мове на тры балы тэста трэба ведаць часы ды фразеалагізмы — гэта найпрасцейшае ў замежнай мове, заўважае рэпетытар з Мінска Галіна Віктараўна.
“Цяпер настаўнікі непісьменныя. Я сама праходжу тэставанне, каб мне даверылі абітурыентаў на курсах. І сітуацыя такая, што выкладчыкі не пішуць гэтыя тэсты, яны робяць памылкі, і яны працуюць ў школах! Уся мая гвардыя, што вучылася ў савецкія часы, кажа, што пакуль такія справы — мы заўсёды будзем пры працы!”