“Шукаць дапамогу для Украіны”: як беларускім дэмсілам наладзіць сувязь з Кіевам
Разбураны дом у Марыупалі / REUTERS / Alamy Stock Photo
Ёсць меркаванне, што афіцыйны Кіеў не спяшаецца будаваць альянс з дэмакратычнай Беларуссю таму, што беларуская апазіцыя нічога не можа яму прапанаваць. Але што можа даць урад у выгнанні звыш таго, чым цяпер падтрымлівае Украіну ўвесь цывілізаваны свет?
— Трэба шукаць дапамогу [для Украіны] і магчымасці яе здзяйсняць. То-бок прыехаць проста пагутарыць пра нейкія агульныя сэнсы, выказаць нашыя спачуванні — гэта не тая сітуацыя зараз, сапраўды, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін. — [Трэба аказваць] дапамогу матэрыяльную, экспертную і гэтак далей. То-бок тое, што зараз дапамагае Украіне перамагчы ў вайне. Тое, што дапамагае нейкім супольнасцям зараз не разваліцца, трымацца.
Канкрэтна мы [Фонд спартыўнай салідарнасці] прапанавалі падтрымку ўкраінскіх атлетаў, якім патрэбна працягваць кар’еру. Мы, у прынцыпе, падтрымлівалі і падтрымліваем беларускіх атлетаў. Мы разумеем, што шмат атлетаў страцілі магчымасць трэніравацца, страцілі крыніцы фінансавання і свае трэніровачныя базы. Людзям, якія зараз хочуць працягваць кар’еру, патрэбна канкрэтная падтрымка. Няхай гэта будзе не 50, а 15-20 украінскіх спартсменаў, якія змогуць працягнуць сваю кар’еру дзякуючы беларусам. Менавіта такімі канкрэтнымі крокамі будзе змяняцца ўкраінская рыторыка ў бок беларусаў.
Ёсць дапамога “Байсола” і нейкіх іншых ініцыятыў, але яна глабальна нідзе не гучыць. А вось менавіта праз такія рэчы, праз канкрэтную падтрымку нейкай супольнасці ці групы рыторыка ўкраінцаў у бок беларусаў будзе змяняцца за кошт такой супрацы. Гэта, дарэчы, тое, што вельмі доўга і да сённяшняга дня робяць арганізацыі, фонды і палітычныя структуры ў Германіі. Яны 40 ці 50 гадоў інвеставалі ў змену свайго іміджу. Інвеставалі ва Усходнюю Еўропу, у іншыя краіны, у тым ліку Расію, Беларусь і Украіну. Каб змяніць стаўленне да Германіі і нямецкага народу пасля вайны. Мне здаецца, гэта маё ўражанне, што падобныя рэчы павінны рабіць беларусы. Не проста выказваць падтрымку словам, а зараз выказваць падтрымку і справай.
— Другая падтрымка, якая можа быць, — гэта экспертная. У беларускіх ініцыятыў, арганізацый, супольнасцяў хапае людзей, якія могуць дапамагаць украінскім калегам сваёй экспертнасцю. Могуць дапамагаць ім змяняць нейкую пэўную палітыку як унутры сваёй краіны, так і выбудоўваць нейкія стасункі з заходнімі партнёрамі. Бо тое, што мы зараз бачым, гэта як бы карціна, якая адлюстроўвае стасункі ўкраінскага ўраду з урадамі іншых краін. Але там, пад украінскім урадам, шмат арганізацый, шмат супольнасцяў, у якіх ніякай падтрымкі зараз няма.
І не трэба адразу заходзіць на высокі дзяржаўны ўзровень, сустракацца з першымі асобамі. Дастаткова проста працаваць на другім, трэцім узроўнях. І там праблем больш чым хапае, — падкрэслівае Аляксандр Апейкін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.