Шумчанка: Зараз я магу назваць даты, калі “іпэшнікі” пачнуць абурацца

Кіраўнік дзяржавы 30 сакавіка падпісаў указ №143, якім прадугледжана працяг да 1 студзеня 2016 года пераходнага перыяду, цягам якога індывідуальныя прадпрымальнікі могуць прадаваць лішкі тавару без дакументаў. Змены ўнесены таксама ва ўказ № 222 “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі”.  

Цікава, што акурат сёння раніцай лідар грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка звярнуўся да кіраўніка дзяржавы на сваім сайце арганізацыі з заклікам “не мучыць людзей няпэўнасцю далей і падпісаць указ”.

Згодна з указам пры рэалізацыі тавару без дакументаў будуць прымяняцца павышальныя каэфіцыенты 2 пры выплаце адзінага падатку, а таксама павышэнне ПДВ таксама з павышальнымі каэфіцыентамі. Падатак будзе павышацца чатыры разы — з 2 да 4 цягам года.

Лідар “Перспектывы” Анатоль Шумчанка пракаментаваў Еўрарадыё новы ўказ:

“Я нават ведаю цяпер даты, калі прадпрымальнікі пачнуць абурацца, калі ім стане жыць цяжэй.  Гэта даб’е тых, хто застаўся ў гэтым бізнэсе — бо каэфіцыент 4 для падатка на даданую вартасць гэта вельмі шмат. Цярпіма працаваць пры каэфіцыенце 2 для адзінага падатка і 2 для ПДВ, але гэта ў той эканамічнай сітуацыі, якая складася менавіта зараз”.

Шумчанка адзначыў, што калі сітуацыя будзе пагаршацца, працаваць іпэшнікам стане цяжэй з−за непад’емных падаткаў. Да таго ж, як заўважыў Шумчанка, указ не вырашае асноўнай праблемы прадпрымальнікаў — працы з сертыфікатамі.

Фота: Bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі