Шведы апублікавалі ліст віцэ-прэм’ера Сямашкі па бязмытным экспарце нафты
Журналісты Шведскага радыё апублікавалі ліст былога першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі. З дакумента вынікае, што высокапастаўлены чыноўнік умешваўся ў следства Мытнай службы, каб прыкрыць схему бязмытнага вывазу расійскай нафты з Беларусі ў 2007 годзе.
Як паведамлялася раней, былы супрацоўнік КДБ Беларусі Андрэй Моўчан распавёў шведскім журналістам пра следства ў справе вывазу расійскай нафты з Беларусі пад фальшывай маркіроўкай, каб пазбегчы выплаты пошлінаў. Адзін з дакументаў, які даў Моўчан, — гэта ліст Сямашкі Аляксандру Лукашэнку. У ім чыноўнік ставіць пад сумнеў вынікі расследавання беларускіх мытнікаў і дакарае іх за тое, што пробы затрыманай партыі расійскай нафты яны перадалі для вывучэння ў расійскую лабараторыю.
Паводле шведскіх журналістаў, расійскія нафтапрадукты вывозілі з Беларусі паводле наступнай схемы. Так званы "лёгкі дыстылят" з Расіі, за які трэба плаціць пошліну, вывазная фірма маркіравала ў Беларусі кодам 3811 як бязмытны прадукт "Эколон-370". У Эстоніі ён атрымліваў код 2710 і назву "расійскі неэтыляваны бензін". Пасля гэтага прадукцыя вывозілася ў Заходнюю Еўропу на продаж у Антверпене, адзначае Радыё "Свабода".