Сіноптыкі абяцаюць надвор'е з дажджамі, пад канец тыдня пахаладае

Сіноптыкі абяцаюць надвор'е з дажджамі, пад канец тыдня пахаладае

На гэтым тыдні ў Беларусі чакаецца няўстойлівае надвор'е з кароткачасовымі дажджамі. пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

Па словах спецыяліста, праз Беларусь павольна пройдзе атмасферны фронт — з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. У аўторак, 9 жніўня, на тэрыторыі краіны будзе пераважаць павышаны атмасферны ціск. Уначы ў крайніх  паўночна-заходніх раёнах, а ўдзень па паўночна-заходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ўначы чакаецца ад 9 да 16 градусаў вышэй за нуль, удзень — 24-30 градусаў цяпла. Па паўночным захадзе падчас дажджоў прагназуюць +21...+23 градусы.

У сераду кароткачасовыя дажджы прыйдуць ужо ў заходнія і цэнтральныя раёны Беларусі. Месцамі прагназуюцца навальніцы. Начная тэмпература паветра чакаецца 10-17 цяпла, а ўдзень +18...+25. Горача ў сераду будзе толькі па паўднёвым усходзе — 26-30 са знакам "плюс".

У чацвер, 11 жніўня, ужо большую частку краіны накрыюць кароткачасовыя дажджы, месцамі чакаюцца навальніцы. Уначы тэмпература паветра чакаецца ад 10 да 17 градусаў вышэй за нуль, удзень будзе толькі 15-22 градусы цяпла. Паўднёвы ўсход пацешыць тэмпературай +23...+29 градусаў.

Потым атмасферны фронт пакіне Беларусь, але надвор'е будзе залежаць ад прахалоднай няўстойлівай паветранай масы са Скандынаўскага паўвострава. Таму на выходных будзе мокра і прахалодна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі