Сіроты-328: з дзіцячых дамоў трапляюць у калоніі, а выходзяць у даўгах

Матулі-328 на пікеце ў Мінску
Матулі-328 на пікеце ў Мінску

Дзіма — сірата. Ён вельмі хацеў новыя красоўкі, а грошай на іх не было. Каб зарабіць, Дзіма пагадзіўся расклейваць аб'явы з рэкламай наркотыкаў — і атрымаў тэрмін за распаўсюд. Тады яму яшчэ не было васямнаццаці.

У нататніку Марыны — маці аднаго з асуджаных па антынаркатычным артыкуле — дзясяткі такіх гісторый. Побач з імёнамі хлопцаў паметкі: "доўг па жыллі", "доўг па вучобе", "пазоў", "н/с". Апошняе азначае — несовершеннолетний.

Яе сын таксама сядзіць у калоніі па антынаркатычным артыкуле 328. Ён расказаў маме пра іншых хлопцаў, якія жывуць з ім у атрадзе, — пра тых, у каго няма бацькоў, каму не прыходзяць перадачы і каму пасля калоніі не будзе куды пайсці. Іншыя мамы даведаліся пра праблему таксама — ад сваіх дзяцей, якія адбываюць пакаранне ў калоніі.

Сироты-328: из детдомов попадают в колонии, а выходят бездомными или в долгах
Марына даведалася пра праблему ад сына

Цяпер яна піша лісты і адпраўляе рэчы не толькі роднаму сыну, і мамай Марынай яе называе не толькі ён. Такіх "мам-328" некалькі дзясяткаў. "У нашай калоніі", "наш начальнік калоніі" — так яны гавораць пра месцы, дзе сядзяць іх дзеці, таму што падчас зняволення дзіцяці разам з ім пакаранне адбывае ўся сям'я. У кожнай з іх па некалькі "нашых калоній".

— Воля сабрала Ромку перадачу, я дапамагу ёй з перасыланнем.

— А я трыццаць рублёў на рахунак пакладу, — абмяркоўваюць мамы, калі мы сустракаемся з імі для інтэрв'ю.
 

З аднаго казённага дома ў іншы

Марына набірае лісты для хлопцаў на камп'ютары, раздрукоўвае, ад рукі дамалёўвае што-небудзь — сонейка або чалавечка, які ідзе да дома.

— І пішу: "Гэта ты ідзеш дадому. Палічы, ці хапае пальцаў на руцэ". Хлопцам смешна, і настрой падымаецца. У лісты душу ўкладваю, я ж за кожнае слова адказная. Калі дзіця з неўладкаванай сям'і, пішу так: не крыўдуй на сваіх бацькоў, а любі іх такімі, як ёсць, хай яны табой ганарацца.

Сироты-328: из детдомов попадают в колонии, а выходят бездомными или в долгах
Cын Маргарыты цяпер дома, але яна працягвае дапамагаць iншым

У яе калегі Маргарыты ў перапісцы — 16 чалавек. Кожнаму з іх яна адпраўляе ліст прыкладна раз на месяц. Яе ўласны сын ужо выйшаў з калоніі, вярнуўся дадому. Маргарыта кажа, здарыўся цуд:пачатку яго адправілі на хатнюю хімію, потым — амністыя. У падзяку за цуд яна працягвае пісаць і збіраць перадачы для тых, хто застаецца ў калоніі.

Пра тое, як у іх жыцці з'явіўся артыкул 328, хлопцы расказваць не любяць. Хтосьці баіцца пісаць праз цэнзараў, хтосьці проста не хоча ўспамінаць, як перабраўся з дзіцячага дома ў калонію. Мамы выводзяць заканамернасць:

— Іх выкідваюць з казённага дома, у іх няма працы, адзінае, што падварочваецца пад руку, — гэтыя аб'явы пра наркотыкі, на якія яны ляцяць, каб зарабіць хоць на ежу. І трапляюцца ў гэту пастку. Атрымліваецца, што гэтыя сіроты з аднаго казённага дома пераходзяць у іншы.

— Там розныя сітуацыі, як кажа адна мама, яны ў нас часта "бесталкоўкі", — дадае Марына.

Хтосьці прызнаецца, што ў дзіцячым доме папярэджвалі пра наркотыкі. Але некаторыя з хлопцаў, з якімі перапісваюцца Марына і Маргарыта, сваёй віны ў распаўсюдзе наркотыкаў не прызналі. У лістах яны пішуць тое самае, што спрабавалі даказаць на судзе: нават калі ўжывалі, нічога не прадавалі. А тэрміны ўсё роўна атрымалі велізарныя.
 

"Мы працуем на турму"

Акрамя падтрымкі і лістоў, сіротам "на зоне" трэба яшчэ многае: грошы на юрыстаў, адзенне, дадатковыя прадукты, таму што ад тутэйшага харчавання "выпадаюць зубы, валасы, абвастраюцца хранічныя захворванні".

— Я была на дні адчыненых дзвярэй у яго калоніі. Калі мы прыязджалі, у рацыёне было нават мяса. Але калі ехалі назад, я думала, памру — так дрэнна мне было пасля гэтага пачастунку. На чым яны гэта ўсё гатуюць? Цяпер у нашай калоніі новы начальнік, вялікі яму дзякуй, пры ім харчаванне стала лепшае.

Сын Маргарыты расказваў маме, як у калоніі вараць рыбу — путасу.

— Вараць з кішкамі, як свінням. І гэта трэба з'есці, каб атрымаць хоць нейкі бялок. Мы перадавалі сыну цыбулю, яны вычышчалі гэтыя кішкі, запраўлялі рыбу цыбуляй, каб забіць пах і смак, і елі.

Цэны ў крамах пры калоніі вышэйшыя, чым тыя, да якіх мы прывыклі. Мамы тлумачаць – калі вяндліна ў звычайнай краме каштавала 8-15 рублёў, дык у калоніі яе можна было набыць за трыццаць.

Некаторыя мамы бяруць апеку над канкрэтным зняволеным, пасылаюць яму пасылкі, робяць грашовыя пераводы, дапамагаюць аплаціць наглядныя скаргі. Калі грошай не стае — а іх заўсёды не стае — дзецям робяць перавод з агульных грошай.

— Каб хоць бы дваццаць рублёў у дзіцяці было, каб яно хоць туалетную паперу магло сабе купіць. Мы працуем на турму. Неймаверная колькасць грошай туды ідзе, — кажа Марына. — У нашым руху ёсць мамы, якія кожны месяц кладуць пяць рублёў у канверцік — і нам пераводзяць, каб мы размеркавалі паміж хлопцамі. Гэта вялікі подзвіг маці, у якіх таксама дзеці ў бядзе.
 

Сироты-328: из детдомов попадают в колонии, а выходят бездомными или в долгах
Хтосьцi дапамагае аднаму чалавеку, хтосьцi - адразу некалькiм

Ад пашыву адзення да дрэваапрацоўкі

— У гэтага хлопчыка — доўг за вучобу, а гэтаму суд налічыў матэрыяльную шкоду, — Маргарыта і Марына працягваюць знаёміць нас са сваімі падапечнымі.

Пакуль усе гэтыя даўгі не пагашаны, хлопцы не могуць разлічваць ні на УДВ, ні на замену рэжыму на больш мяккі, таму блізкія перш за ўсё спрабуюць дапамагчы разлічыцца з даўгамі, пагасіць шкоду.

А ў сірот няма чалавека, які мог бы дапамагчы з гэтым.

— Апошні выпадак з тых, што мы ведаем, — шаснаццацігадовы Артур, на якога суд павесіў пазоў у 1,8 тысячы рублёў. Адкуль дзіця з дзіцячага дома возьме такія грошы? Сітуацыя звычайная: ён скончыў дзевяць класаў, пайшоў у ліцэй, а там — свабода. Дзіця не разумее небяспеку, у галаве — вецер. Яго спакусілі гэтым лёгкім заробкам — наркотыкамі, і суддзя яму — сем гадоў за распаўсюд плюс пазоў. І калі не пагасіць пазоў, будзе сядзець ад званка да званка. Яму пашанцавала — намесніца дырэктара дзіцячага дома ўсіх падняла на ногі, каб дапамагчы хлопчыку аплаціць пазоў.

Але такіх сірот шмат. Дакладна больш, чым такіх супрацоўнікаў дзіцячых дамоў.

А меншыя — зарплаты ў калоніях. Хлопцы працуюць, але атрымліваюць літаральна — капейкі. У даведцы, дзе пазначаны заробак аднаго з асуджаных, чытаем: максімальны даход за месяц — 2,23 рубля. Столькі маладому чалавеку ўдалося атрымаць у лютым 2019 года, калі ён адпрацаваў 24 дні ў месяц. Іншыя месяцы былі яшчэ менш "прыбытковыя".

Сироты-328: из детдомов попадают в колонии, а выходят бездомными или в долгах
Вытрымка з дадзеных пра заробак аднаго са зняволеных

Некаторым удаецца зарабіць больш. У даведцы аднаго са зняволеных, якая ёсць у распараджэнні ў Еўрарадыё, пазначаны сумы, якія перавышаюць 50 рублёў у месяц. За паўгода — са студзеня да чэрвеня 2020 года — гэтаму працавітаму вязню ўдалося зарабіць 366 рублёў 52 капейкі.

— Наркотыкамі займаецца ў асноўным моладзь, вось яны там і пашуць. Ад клюшак да пашыву адзення для войска і міліцыі — усё гэта робіцца маладымі хлопцамі. Хтосьці ачышчае дрот, каб счышчаць метал — і каб зрабіць норму, рукі зрываюць да крыві. Гэта рабская сіла, проста ГУЛАГ, — кажа Маргарыта.
 

Страціць дом, выйсці бамжом

У калоніях адны зняволеныя раяць іншым: "Пішы "Маці-328", яны ўсім дапамагаюць". Самім маці таксама патрэбна дапамога — юрыдычная.

Цяпер спрабуюць выратаваць Лёню, ад якога адмовіліся прыёмныя бацькі. У хлопчыка праблемы з абедзвюма ныркамі, Маргарыта кажа — з такім станам здароўя на волі яму б далі інваліднасць, але ў калоніі ён дабіцца гэтага не можа. Праз праблемы са здароўем хлопчыка не могуць адправіць "на хімію", таму што там яму не будзе за што жыць — дапамогі збоку няма, пенсіі — таксама, а працаваць ён не зможа праз праблемы са здароўем. А ў калоніі гэтыя праблемы толькі памнажаюцца.

— У яго была такая ацёчнасць, што ногі ў чаравікі не ўлазілі. Ён пісаў мне лісты і расказваў, як гаварыў з доктаркай. Доктарка пытае: "Колькі табе засталося сядзець?" Ён кажа: "Шэсць гадоў". І піша мне: "Цёця доктарка сказала, што не дажыву". Беднае дзіця, доктарка ў твар яму сказала, што ён не дажыве, калі застанецца ў ПК, а ён нават не зразумеў. Пісаў мне: "Я буду берагчы сябе, буду за сабой сачыць", — расказвае Маргарыта.

Адгукнуліся медыкі з ДВП, сталі лячыць Лёню, калоць гармоны, ставіць кропельніцы. Цяпер ён адчувае сябе лепш, але замкнёнае кола, праз якое яго не могуць адпусціць "на хімію", так і не перарвалася.
 

"Я не думаў, што сірату могуць падмануць"

Яшчэ адна праблема — жыллё. Сіроты, якія дасягнулі паўналецця, могуць стаць на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, да 23 гадоў. Выйдзеш з калоніі пазней — ужо не станеш. А тэрміны, якія яны атрымліваюць за наркотыкі, могуць быць настолькі велізарныя, што ўкласціся ў гэты тэрмін не атрымаецца. Тады чалавек выйдзе з калоніі ў бяздомнае жыццё.

— Ад хлопцаў мы даведаліся, што сірата, які атрымаў сацыяльнае жыллё, абавязаны пачаць яго прыватызаваць праз пяць гадоў. Плюс да гэтага, жывеш ты ў кватэры ці не, ты павінен аплачваць камуналку. І як толькі хлопцаў садзяць, да доўгу за вучобу пачынае дадавацца доўг за камуналку, — расказвае Маргарыта.

— А вось гісторыя Жэні з "Дома малюткі". У 2005 годзе яго паставілі на чаргу. Хлопчык паступіў у будаўнічы ліцэй у Гродне, атрымаў інтэрнат і рэгулярна адзначаўся ў Гродзенскім выканкаме — там яго запэўнівалі, што яго чарга падыходзіць, вось-вось у Скідзелі будзе здадзены сацыяльны дом. Але калі чарговы раз дзіця прыйшло ў выканкам, яму сказалі: усе кватэры раздадзеныя, спазніўся. І сказалі прыняць другасную кватэру ў вёсцы. Жыллё — у аварыйным стане. А яго палохалі, што інакш не атрымае нічога. Мы будзем шукаць юрыстаў і дапамагаць дамагчыся праўды для Жэні, каб пасля вызвалення ён атрымаў нармальнае жыллё, — расказваюць маці.

Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, маюць права стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з моманту атрымання статусу сіраты.

"Статус "асобы сірочай катэгорыі" захоўваецца да дваццацітрохгадовага ўзросту, у гэты тэрмін чалавек павінен здзейсніць пэўныя дзеянні па рэалізацыі права на пастаноўку на ўлік для атрымання сацыяльнага жылля, калі ён такое мае, а гэта залежыць ад розных фактараў. Хтосьці не ведае гэтай нормы, з кімсьці не працуюць сацыяльныя педагогі, у кагосьці іншыя прычыны — няма калі стаць на ўлік", — расказалі ва ўпраўленні жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама.

Ці многія сіроты, трапляючы ў месцы пазбаўлення волі, не паспяваюць стаць на ўлік, у выканкаме сказаць не могуць, гэтымі пытаннямі займаюцца адміністрацыі раёнаў, і часцей за ўсё гаворка ідзе не пра Мінск.

Каб не застацца на вуліцы, сіроты, якія засталіся без жылля, могуць звярнуцца ў пункты рэгістрацыі асоб без пэўнага месца жыхарства або паспрабаваць атрымаць інтэрнат пры працаўладкаванні, кажуць у Мінгарвыканкаме.

Сироты-328: из детдомов попадают в колонии, а выходят бездомными или в долгах
Урывак з лiста са скаргай

— Жэня тады пісаў мне: мама Марына, я не думаў, што сірату могуць падмануць, — дадае Марына. — Дзяржаве пляваць на гэтых сірот, толькі маці не пляваць, таму што мы самі ў такой жа цяжкай сітуацыі. І нам патрэбна прававая дапамога, каб вырашыць пытанне з гэтымі пазовамі, кватэрамі, запазычанасцямі. Патрэбныя адвакаты, натарыусы — гэта самая вялікая праблема.

Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, маюць права стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з моманту атрымання статусу сіраты.

"Статус "асобы сірочай катэгорыі" захоўваецца да дваццацітрохгадовага ўзросту, у гэты тэрмін чалавек павінен здзейсніць пэўныя дзеянні па рэалізацыі права на пастаноўку на ўлік для атрымання сацыяльнага жылля, калі ён такое мае, а гэта залежыць ад розных фактараў. Хтосьці не ведае гэтай нормы, з кімсьці не працуюць сацыяльныя педагогі, у кагосьці іншыя прычыны — няма калі стаць на ўлік", — расказалі ва ўпраўленні жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама.

Ці многія сіроты, трапляючы ў месцы пазбаўлення волі, не паспяваюць стаць на ўлік, у выканкаме сказаць не могуць, гэтымі пытаннямі займаюцца адміністрацыі раёнаў, і часцей за ўсё гаворка ідзе не пра Мінск.

Каб не застацца на вуліцы, сіроты, якія засталіся без жылля, могуць звярнуцца ў пункты рэгістрацыі асоб без пэўнага месца жыхарства або паспрабаваць атрымаць інтэрнат пры працаўладкаванні, кажуць у Мінгарвыканкаме.
 

"Дзяўчаткі, грошы на дарожку"

У лістах сіроты рэдка пра нешта просяць. Хіба што пра цыгарэты — гэта самая хадавая валюта ў калоніі.

Маргарыта згаджаецца і перасылае цыгарэты, Марына — катэгарычна супраць, замяняе іх шакаладкамі.

— А так сіроты ў прынцыпе вельмі сціплыя. Просяць, толькі калі прыпрэ. У асноўным ведаеш, што купляеш свайму дзіцяці, — і тое самае закладваеш ў другую бандэрольку. У лістах спрабуеш высветліць памер адзення, а гэтыя хлопцы так адказваюць: калі прыходзіў на рынак, у мяне быў адзін памер — "якраз". Хлопцы гэтыя вельмі ўдзячныя.

А потым прыходзіць час выходзіць з калоніі. У групах у месенджарах аб'яўляецца кліч — "Дзяўчаткі, збіраем грошы на дарожку".

Сироты-328: из детдомов попадают в колонии, а выходят бездомными или в долгах
Часто после выхода из колонии общение с подопечными прекращается

Зрабіць даведку, фатаграфію — на ўсё патрэбныя грошы. Талончык у аўтобусе не прабіў — ужо парушэнне.

— Мне пісаў адзін хлопец. Кажа: Марына Аркадзеўна, я ў роспачы, я не ведаю, куды пайду. У мяне сэрца абарвалася ад такога ліста. Як можна не пачуць і не дапамагчы?

"Мамы-328" рэдка працягваюць кантактаваць з хлопцамі пасля таго, як тыя выходзяць на волю. Кажуць, гэта як у школе: адных выпусцілі, ім на змену прыйшлі іншыя, якія ўсё яшчэ маюць патрэбу ў дапамозе.

Часта спыняюць зносіны і самі падапечныя. Хтосьці — таму, што хоча забыцца пра ўсё, што здарылася ў калоніі. Хтосьці — таму, што ў новым жыцці на волі сутыкаецца яшчэ з большымі праблемамі.

Хлопцы выходзяць на свабоду, маючы нязначную суму ў кішэні. Частка пойдзе на білет на маршрутку ў горад, яшчэ трохі грошай трэба, каб купіць ежы і сім-картку ў тэлефон. Потым — доўгія пошукі працы.

— Адзін наш актывіст, які сам адседзеў, расказваў, як пасля калоніі прасіў міласціну на вакзале. Яму казалі: ты такі здаровы, ідзі працуй! А яго з судзімасцю ніхто на працу не браў, хоць, пакуль ён сядзеў у калоніі, атрымаў шмат дыпломаў. Цяпер ён паехаў у Польшчу.

Кожны, хто выйшаў з калоніі, можа разлічваць на матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы, але для таго трэба сабраць шэраг дакументаў.

Маргарыта ведае, з чым сутыкаецца чалавек пасля калоніі. Са сваім трыццацігадовым сынам хадзіла па кабінетах чыноўнікаў разам.

— Калі чалавек выходзіць на "хатнюю хімію", трэба пайсці ўстаць на ўлікі: у выканкам, да ўчастковага. Вельмі шмат хаджэнняў, даведак, дакументаў. Усё гэта патрабуе грошай. А цябе ўсюды выспяткам, ніхто не хоча з табой размаўляць. Я з сынам хадзіла па ўсіх кабінетах, сутыкалася з бяздушнымі адносінамі і абыякавасцю, — успамінае Маргарыта.

Калі зняволены адбывае пакаранне "пад нуль" — гэта значыць не выходзіць на хімію, то кабінетаў у яго наперадзе менш. І ўсё роўна праз паўгода ён становіцца дармаедам, з'яўляюцца новыя праблемы.

— Да праблем у калоніі яны прывыклі, а на волі часам аказваецца складаней, наш свабодны свет жорсткі. Няма даху, няма жылля, няма працы, усе адштурхоўваюць, хлопцы не бачаць спагады, не бачаць дабрыні. Як абуцца, як апрануцца? Яны выходзяць у нікуды. І калі не дапамагчы адаптавацца, чалавек часта праз рэцыдыў зноў вяртаецца ў калонію.

* * *

Марына: Я Жэню некалькі месяцаў не пісала ў турму, і тут ён піша адной маме: вы мяне забыліся! Я яму адказала тут жа: не забыліся, я ж перад Богам за вас адказваю.

Маргарыта: Яны вельмі баяцца, што мы іх пакінем. Пішуць: калі ласка, толькі не пакідайце.

Марына: Гэтыя маці такія верныя. Іншы раз кажу: супакойся, мы ім дапамагаем, але не ўтрымліваем, бо іх там кормяць.

Маргарыта: Але калі ты мама, хварэеш за сваё дзіця, як ты пройдзеш міма іншага дзіцяці, якое плача?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі