Сітуацыя: феміністка хоча ў батальён імя Каліноўскага — а яе не бяруць

Ці хочуць жанчыны вайны? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Ці хочуць жанчыны вайны? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У батальёне імя Кастуся Каліноўскага феміністцы з Беларусі сказалі, што жанчын да сябе не бяруць. "Таму што клапоцімся пра вас", — тлумачаць мужчыны.

Ситуация: феминистка хочет в батальон имени Калиновского — а её не берут
Скрыншот перапіскі феміністкі і каліноўцаў

— Мне ў батальёне сказалі, што гэтым пытаннем займаюцца. А ў мяне няма ніякага жадання пачынаць інфармацыйную вайну супраць тых, хто пайшоў на магчымую смерць, нават калі ідэалагічна я з імі не згодная, — кажа Еўрарадыё дзяўчына, якая вяла перапіску з каліноўцамі.

Каб разабрацца ў сітуацыі, мы звярнуліся да фем-актывісткі Насты Базар. Можа, рэч не ў сексізме каліноўцаў, а ў тым, што ў дзяўчыны няма неабходнай фізічнай падрыхтоўкі і баявога досведу?

Ситуация: феминистка хочет в батальон имени Калиновского — а её не берут

— У фразе “мы клапоцімся” і заключаецца сексізм. Дзякуй, што вы клапоціцеся, але ці ўсе мы прасілі пра нас клапаціцца, ці ўсе мы прасілі ставіцца да нас як да слабага полу? Жанчын ніхто не пытаецца, хочуць яны ваяваць ці не. За іх вырашаюць мужчыны, гэта і ёсць сексізм, — расказвае Еўрарадыё Наста Базар. — Ці ўсе мужчыны, якія туды ідуць, маюць фізічную падрыхтоўку і ваенны досвед? Калі на гэтае пытанне адказаць, што “мы бяром толькі падрыхтаваных людзей, у якіх ёсць досвед арміі ці яшчэ чаго-небудзь”, тады гэта будзе нейтральна. Калі мы кажам, што не бяром жанчын, бо клапоцімся, то гэта не нейтральна. Таму што ніхто не ведае, ці мела гэтая жанчына досвед і ці мае яна неабходную фізічную падрыхтоўку.

Я ведаю, што ў “Азоў” бяруць людзей выключна з баявым досведам. То-бок туды бяруць прафесіяналаў, яны не навучаюць. А ў батальёне Каліноўскага і батальёне “Пагоня”, наколькі я ведаю, ёсць нейкая падрыхтоўка. Людзей навучаюць некалькі месяцаў ці тыдняў і толькі потым дапускаюць. Па-другое, я ўпэўнена, што ў батальёнах акрамя баявых дзеянняў ёсць справы на іншых пасадах. І гэтай дзяўчыне нічога не прапанавалі, вось у чым праблема.

Ситуация: феминистка хочет в батальон имени Калиновского — а её не берут
Баец палка "Азоў" з трафейным расійскім танкам / t.me/polkazov

— З дзяцінства ў дзяўчат развіваюць эмацыйнасць, эмпатыю, — працягвае Наста. — У мужчын развіваюць логіку. Мы даём дзяўчынкам лялечкі, а хлопцам канструктары, а потым кажам, што мужчыны больш лагічныя. Канешне, бо яны развіваюць гэта з дзяцінства. Але нельга ўсіх людзей раўняць адной грабёнкай. Зразумела, што жанчына жанчыну разумее лепш, чым жанчына мужчыну з-за патрыархальнай сацыялізацыі. Але з другога боку, я ўпэўнена, гэта не перашкода ваяваць і быць у адной камандзе.

Я ўвогуле супраць вайны. Я лічу, што гэта не для мужчын і не для жанчын. Гэта той досвед, які не павінен быць у жыцці. Але калі мы гаворым пра выбар, то, безумоўна, дзяўчыну гэтага выбару пазбавілі.

 

Адказ "каліноўца"

На сувязі з Еўрарадыё баец батальёна імя Кастуся Каліноўскага Ян Мельнікаў. Пытаемся ў яго, у чым праблема ўзяць беларускую феміністку ў шэрагі абаронцаў Украіны.

Ситуация: феминистка хочет в батальон имени Калиновского — а её не берут

— Мы не можам зараз забяспечыць дзяўчатам асобнае пражыванне, — кажа Ян. — У нас агульны душ, у які ходзяць усе. Мы не можам забяспечыць нармальнае карыстанне сантэхнічнымі зонамі, зонамі для прывядзення ў парадак гігіены.

Умовы такія, што мы не можам пасяліць разам у казарме і хлопцаў, і дзяўчат. Мы не маем зараз такой магчымасці, толькі з-за гэтага. Адмова не таму, што дзяўчына. У нас ёсць дзяўчаты. І цудоўна, калі ёсць дзяўчаты, асабліва з медычным досведам.

Меркаванне псіхолага

Ці ёсць жанчыне месца на вайне?

Ситуация: феминистка хочет в батальон имени Калиновского — а её не берут

— Жаночая і мужчынская агрэсія, вядома, адрозніваюцца — расказвае Еўрарадыё псіхолаг Наталля Скібская. — Жаночая агрэсія больш кропкавая і мае свае пэўныя формы. Напрыклад, на вайне жанчына, хутчэй за ўсё, будзе страляць па нагах. Або калі ўзяць жаночыя злачынствы, то яны хутчэй будуць звязаныя з адсутнасцю крыві. Калі мужчына можа зарэзаць, то жанчына хутчэй прыдушыць або падсыпле атруту. Мы ўсе агрэсіўныя істоты, у нас часам ёсць магчымасці і жаданне забіваць. Але жанчыны больш усё-ткі нацэленыя на перамовы, на згладжванне вуглоў і дасягненне кансэнсусу.

Жаданне мужчын не пускаць жанчын на вайну пахвальнае. Але жанчыны заўсёды ваявалі побач з мужчынамі. Жанчыны і снайперамі былі, і падносілі патроны, і выносілі параненых з поля бою. Тое, што жанчына не можа ваяваць, — гэта глупства. Я не бачу праблемы, калі жанчына пойдзе служыць.

Ситуация: феминистка хочет в батальон имени Калиновского — а её не берут
Санітарка аказвае дапамогу параненаму чырвонаармейцу / historymed.ru

Ці варта засмучацца дзяўчыне, якая атрымала адмову ад каліноўцаў?

— Дзяніса Дудзінскага [шоўмен і былы тэлевядоўца з Беларусі. — Еўрарадыё] таксама не ўзялі ў тэрабарону. Ну і што? Калі дзяўчына пакрыўдзілася, што яе не ўзялі, то ёй пра сваю крыўду трэба схадзіць пагаварыць з псіхолагам, — лічыць Наталля Скібская. — Тым больш камандзір батальёна бярэ на сябе адказнасць за тых салдат, якія будуць служыць пад яго кіраўніцтвам. І калі ёй адмовілі праз тое, што ў яе няма досведу і фізпадрыхтоўкі, то зрабілі правільна. Таму што ва ўмовах баявых дзеянняў яна можа быць проста баластам. У гэтым няма нічога добрага. Адно слабае звяно можа стаць прычынай вялікіх непрыемнасцяў у цэлага батальёна. Калі камандзір зрабіў гэта з такіх меркаванняў, то ён усё зрабіў правільна.

Еўрарадыё: Але дзяўчыне адмовілі з фармулёўкай "мы клапоцімся пра вас".

Наталля Скібская: А калі яна дзесьці там разгубіцца, затушуецца і яе заб'юць або падстрэляць? Правільна, таму і кажуць, што клапоцяцца пра яе. Каму трэба заведама ствараць сітуацыю, пасля якой ты будзеш адчуваць сябе вінаватым і табе будзе сніцца забітая беларусачка з твайго батальёна?

Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што прысутнасць жанчыны ў батальёне не самым лепшым чынам адаб'ецца на псіхалагічнай атмасферы калектыву. Жанчына ў атрадзе можа стаць прычынай канкурэнцыі сярод байцоў?

Наталля Скібская: Так, можа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі