Скінь грошы на адваката: у Беларусі з'явілася новая схема махлярства?

У зале суда / фота Еўрарадыё носіць ілюстрацыйны характар
У зале суда / фота Еўрарадыё носіць ілюстрацыйны характар

Невядомы папрасіў мінчука аплаціць паслугі адваката за абарону сябра, які адбывае адміністрацыйны арышт паводле артыкула 23.34 ("Несанкцыянаванае мерапрыемства"). Мужчына лічыць, што яго спрабавалі развесці на грошы махляры. І небеспадстаўна.

Еўрарадыё расказвае пра (магчыма) новую хітрасць махляроў у Беларусі.

Чытач Еўрарадыё Аляксандр расказаў, што яго знаёмага Вадзіма затрымалі ў пратэставую нядзелю 15 лістапада. Праз два дні ў судзе Цэнтральнага раёна яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і, як вынік, прысудзілі 12 сутак. Адбывае ён іх на Акрэсціна.

Праз некалькі дзён Аляксандру тэлефануе на мабільны незнаёмы мужчына. Прадстаўляецца нейкім Дзмітрыем Віктаравічам і просіць пра сустрэчу, каб перадаць запіску.

"Сказаў, што сядзеў з Вадзімам. І што ў Мінскім гарадскім судзе а 14:00 [24 лістапада. — Еўрарадыё] будзе дадатковы суд па новым эпізодзе.

У запісцы почыркам, падобным да почырку сябра, напісана: "Тэрмінова да 12 гадзін на імя адваката Цвярдова Наталля Васілеўна зрабіць 2 паштовыя пераводы сумай 5 і 1 базавая велічыня. А потым адправіць СМС на нумар +375 29 *****71 [нумар ёсць у рэдакцыі. — Еўрарадыё] з пацвярджэннем і прозвішчам, імем, імем па бацьку адпраўніка пераводу", — піша чытач.

 

Аляксандр удакладняе, што ў Мінскім гарадскім судзе ў раскладзе судоў на 24 лістапада ў спісе судовых пасяджэнняў суда над сябрам не значылася.

"Развод чыстай вады, — лічыць Аляксандр. — Але, улічваючы жаданне любымі сродкамі дапамагчы асуджанаму, а таксама тэрміновасць і параўнальна невялікую суму, узнікае натуральнае жаданне заплаціць. Незразумела каму і за што!"

Еўрарадыё паспрабавала датэлефанавацца "адвакату" Наталлі Цвярдовай, але беспаспяхова: "Абанент выключаны або знаходзіцца па-за зонай дзеяння сеткі". Зрэшты, раптам яна знаходзіцца на судовым пасяджэнні?

Нумар спагадлівага незнаёмца Дзмітрыя, які перадаў запіску Аляксандру, хоць і даступны, але мужчына здымаць трубку не спяшаецца.

У месенджары "Вайбер" напісаць і Дзмітрыю, і Наталлі немагчыма: функцыя паведамленняў падазрона схаваная ў абаіх.

Сбрось деньги на адвоката: в Беларуси появилась новая схема мошенничества?

У базе Рэспубліканскай калегіі адвакатаў запыт "Цвярдова Наталля Васілеўна" не прынёс вынікаў. У рэестры адвакатаў, апублікаваным на сайце Мінюста, таксама не знаходзім такой абаронцы пратэстоўцаў.

Ці існуе такі адвакат? Еўрарадыё паспрабавала даведацца пра гэта непасрэдна ў Рэспубліканскай калегіі адвакатаў. Памочніца старшыні Таццяна Шастоўская інфармацыі пра такую калегу не знайшла.

Еўрарадыё пераказала Шастоўскай гісторыю нашага чытача. Ці мог сапраўдны адвакат патрабаваць ад сябра затрыманага перавесці грошы за абарону таварыша?

"Наогул адвакат не можа атрымліваць грошы, калі не заключана папярэдняя дамова са сваяком альбо з самім затрыманым. Але паколькі ён сядзіць, то звычайна сваякі звяртаюцца, заключаюць дамову і тады аплачваюць [паслугі] праз АРІП, безнаяўнымі або праз касу юрыдычнай кансультацыі. Толькі пасля гэтага адвакат выпісвае ордэр і ідзе працаваць: знаёміцца з матэрыяламі і ўдзельнічае ў судовым пасяджэнні.

Так, такое бывае, што з месцаў утрымання людзі перадаюць запіскі. Але калі перадаецца вестка на волю, скажам так, то менавіта самі затрыманыя просяць знайсці адваката і вы заключыце дамову. А не так што: заплаці камусьці кудысьці на нейкае імя... Гэта адназначна махлярства", — сказала Шастоўская.

Пра падобныя выпадкі паслуг фэйкавых адвакатаў прадстаўнік РКА Шастоўская пакуль не чула.

Як дзейнічаюць махляры? Здагадка Еўрарадыё.

Сбрось деньги на адвоката: в Беларуси появилась новая схема мошенничества?
Нядзельны марш у Мінску / Еўрарадыё

На пратэставых акцыях 15 лістапада ў Беларусі, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра "Вясна", па ўсёй краіне былі затрыманыя амаль 1300 чалавек. Прозвішча, імя, імя па бацьку затрыманых публікаваліся ў адкрытых крыніцах, каб сваякам і знаёмым было лягчэй даведацца пра іх месцазнаходжанне.

Магчыма, гэтымі звесткамі і скарысталіся зламыснікі. Па імі і прозвішчы затрыманага яго можна знайсці ў сацыяльных сетках, а ўжо сярод падпісчыкаў па фота або падабайках вызначыць сваякоў або сяброў. Калі нумар Аляксандра не быў схаваны ад "несяброў", так проста яго маглі даведацца і ашуканцы.

Будзьце пільныя! Калі вы сутыкнуліся з падобнай схемай "разводу" на грошы, то паведаміце нам у рэдакцыю праз наш ТГ-акаўнт @euroradio_minsk.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі