Скурко: гэты бліц-суд быў для нас пазітыўным шокам
Міністэрства інфармацыі адклікала іск аб ліквідацыі "Нашай Нівы". Галоўны рэдактар Андрэй Скурко цешыцца разам з чытачамі.
Еўрарадыё: З якімі думкамі вы ішлі ў Вышэйшы гаспадарчы суд сёння?
Скурко: Мы ішлі з невясёлымі думкамі, разлічваючы, каб хаця б па максімуме падрабязна гэтая справа была разгледжаная. Гэта значыць з максімальнай колькасцю паседжанняў, з прыцягненнем максімальнай колькасці сведак і максімальнай колькасці сведчанняў таго, што паводле тых абвінавачванняў, якія выстаўляла Міністэрства інфармацыі, газета не мусіць быць закрытая. Але выдатна разумелі, што ўсё будзе залежыць тут ад пазіцыі суда і ад пазіцыі Міністэрства інфармацыі у большай меры, чым ад доказаў. Таму гэтае рашэнне і гэты бліц-суд, калі можна так сказаць, які цягнуўся агульнай колькасцю хвілінаў дваццаць, былі для нас шокам. Але шокам пазітыўным.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, гэтае рашэнне прымалася вышэй, чым у Міністэрстве інфармацыі?
Скурко: Цяжка сказаць. Тут многа фактараў. У нас вельмі многія рашэньні прымаюцца ў высокіх інстанцыях. Там, дзе мусяць вырашаць нават нейкія нізавыя структуры, усё адно гэтыя рашэнні, паводле пэўных звестак, прымаюцца ў высокіх інстанцыях. Было досыць многа фактараў, якія, я думаю, яго абумовілі. Найперш гэта была чытацкая актыўнасць. Я, карыстаючыся хвалямі вашага радыё, хачу падзякаваць усім, хто скіраваў у міністэрства інфармацыі свае лісты з просьбай пакінуць у спакоі газеты "Наша ніва" і "Народная воля", і якія з цёплымі словамі звярнуліся ў рэдакцыі гэтых газет. Такіх лістоў было вельмі шмат, мы мелі тоўстую папку з сабою і былі гатовыя зачытаць проста спіс прозвішчаў, іх там было больш за сотню, каля ста сарака прозвішчаў. Гэта толькі тыя, хто кінуў копіі нам адначасова, а нехта ж копіі не дасылаў, а даслаў толькі ў міністэрства інфармацыі. Таксама была вельмі вызначаная і жорсткая міжнародная рэакцыя на пераслед "Нашай нівы" і "Народнай волі". То бок гэтыя праблемы з газетамі былі названыя адным з трох праблемных пунктаў у заяве Рады Еўрапейскага Саюза ў адрас беларускай улады. Думаю, што гэта ўсё паўплывала на рашэнне па "Нашай ніве", і спадзяюся, што рашэнне па "Народнай волі", якое будзе 13 ліпеня, заўтра аднаўляецца разгляд справы "Народнай волі" – што яно таксама будзе падобным да нашага.
Еўрарадыё: А пасля гэтай пазіцыі Міністэрства інфармацыві вы паціснеце руку спадару Праляскоўскаму?
Скурко: Мы ніколі не сутыкаліся з ім асабіста, і гэта будзе залежаць ад таго, у якіх умовах мы сутыкнемся”.
Еўрарадыё: Але вы гатовы?
Скурко: Калі вы маеце на ўвазе сімвалічны момант, то газета "Наша ніва" заўсёды гатовая да канструктыўнага дыялогу, газета ніколі не стаяла на радыкальных пазіцыях. І калі ёсць нейкая крытыка ў наш бок, калі мы дапускаем нейкія памылкі, мы гатовы іх выпраўляць. Аднак калі лічым нейкія нападкі на сябе несправядлівымі, калі яны відавочна несправядлівыя, калі робяцца спробы пад нейкімі фармальнасцямі прыкрыць палітычны ціск, даводзіцца рэагаваць адпаведна.