Следчы камітэт: Банк у Мінску магло "замініраваць" дзіця
Тэлефоннае паведамленне пра "замініраваны" ў Мінску банк магло зрабіць дзіця. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксей Клімовіч.
Як паведамляла Еўрарадыё, каля 17-й гадзіны на праспекце Незалежнасці каля ЦУМа было ачэпленае аддзяленне "Беларусбанка". Туды прыбылі сапёры, ратавальнікі, міліцыя, медыкі. Невядомы затэлефанаваў і паведаміў, што будынак замініраваны. Прыкладна праз гадзіну сапёры скончылі абследаванне: небяспечных прадметаў у будынку не выявілі.
"Інфармацыя аб мініраванні не пацвердзілася, выбуховых прыладаў знойдзена не было. Паводле папярэдняй інфармацыі, тэлефанаванне паступіла ад дзіцяці не з Мінска, а з адной з абласцей", — заявіў Клімовіч.