Смартфоны не даражэй за $300? Як паўплываюць санкцыі ЗША на кошты ў Беларусі

ЗША ўвялі санкцыі на тэхніку / pixabay.com
ЗША ўвялі санкцыі на тэхніку / pixabay.com

“Гэтыя тавары не знікнуць. Іх будуць правозіць нейкімі агульнымі шляхамі ды канторамі, якія спецыяльна ўтворацца для экспарта і якія не будуць баяцца трапіць пад санкцыі ды нанесці шкоду свайму астатняму бізнесу”, — каментуе Еўрарадыё эканаміст Леў Львоўскі пашыраныя санкцыі і экспартныя абмежаванні Мінгандлю ЗША у дачыненні да Беларусі і Расіі.

Згодна з імі пад забарону трапляюць 276 кодаў таварнай наменклатуры, у тым ліку — бытавога прызначэння. У спісе вентылятары, кандыцыянеры і гукавое абсталяванне, пасудамыйныя і кавамашыны, тостары, мікрахвалёвыя печы. Смартфоны — даражэйшыя за 300 долараў, лядоўні — за 750. Вось такія перспектывы.

Цяпер пастаўка ўсіх гэтых тавараў у Расію і Беларусь патрабуе ліцэнзіі, заяўкі на іх экспарт будуць разглядацца індывідуальна з улікам патэнцыйнай выгады ад іх выкарыстання расійскім ці беларускім урадам, ці абароннымі сектарамі дзвюх краін.


Чаго чакаць ад санкцый ЗША простым беларусам?

Па меркаванні Льва Львоўскага, прапаноў на падсанкцыйныя тавары будзе менш, яны стануць даражэйшымі. Пры гэтым могуць знікнуць розныя гарантыі, напрыклад на тэхабслугоўванне ды рамонт, а беларусы нібыта вернуцца ў тыя часы, калі, каб набыць нешта новае, людзі ездзілі ў Еўропу.

Смартфоны не даражэй за $300? Як паўплываюць санкцыі ЗША на кошты ў Беларусі

“Як моцна падвысяцца кошты, казаць пакуль цяжка, — кажа эксперт. — Што будзе адбывацца? Збольшага мы ўжо бачылі падобную сітуацыю, але яна была абмежаваная ў часе. Напрыклад, мы заўважалі, што самыя перадавыя смартфоны, якія выпускаюцца ў свеце, з’яўляюцца на еўрапейскім рынку раней, чым на рынках Беларусі і Расіі. І калі ў Еўропе гэты новы айфон каштаваў умоўную тысячу, у Беларусі ў першыя два месяцы навінка прадавалася за дзве. Гэта значыць, што нейкія прадпрымальнікі ездзілі за мяжу, закуплялі на рукі нейкую колькасць такіх айфонаў і пасля перапрадавалі. Цяпер будзе тое ж самае. Праўда, паколькі рынак вялікі і ўмовы больш доўгатэрміновыя, займацца такім бізнесам будуць ужо цэлыя кампаніі, а не асобныя людзі”.

Эксперт лічыць, што Кітай працягне пастаўляць сваю тэхніку. Але ўмоўна, калі пакуль пастаўшчыкамі могуць быць нейкія вялікія кампаніі, якія працуюць і на еўрапейскі рынак, і на індыйскі, падчас санкцый іх месца зоймуць маленькія канторы — умоўныя перакупшчыкі, якія будуць набываць тэхніку на кітайскіх базах і прывозіць у Беларусь пад сваю адказнасць, зразумела — без усялякіх гарантый. Кантраляваць якасць такой прадукцыі будзе вельмі складана.


Навошта санкцыі, калі іх можна абысці?

Санкцыі заўсёды ўжываюцца, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў злачынствах. Безумоўна, ёсць тыя, хто спрабуе пры гэтым іх абысці. Тады навошта ўводзіць новыя і новыя абмежаванні, якія, напрыклад, на думку эканаміста Яраслава Раманчука, штурхаюць Беларусь у яшчэ большую залежнасць ад Расіі? 

Смартфоны не даражэй за $300? Як паўплываюць санкцыі ЗША на кошты ў Беларусі

“Цяпер трэба зразумець, што новыя маштабныя абмежаванні ў тым ліку на бытавую электроніку прадугледжваюць і экспартны кантроль, — кажа Павел Латушка. — Гэта да пытання абыходу санкцый, якія будуць фактычна звужаць магчымасці паралельнага імпарту.

Узгадаем сітуацыю, калі беларускія кампаніі ўвозілі для перапродажу ў Расію тое, што было складана туды паставіць напрамую з-за байкоту кампаніі-пастаўшчыка. Такі шлях быў адным з асноўных інструментаў Масквы для абыходу санкцый. Фактычна Беларусь выкарыстоўвалася як хаб для пастаўкі тавараў і пазней продажу іх у інтарэсах РФ для вайскова-прамысловага комплексу і не толькі, бо шэраг заходніх кампаній перапынілі пастаўкі ў Расію іншых тавараў, а ў Беларусь — не. Зараз фактычна ліквідуецца такая магчымасць. Дадаткова напрацоўваюцца інструменты крымінальнага пераследу ўдзельнікаў такіх здзелак у краінах-ініцыятарах абыходу санкцый. Гэта значыць, што тыя краіны, якія будуць дапамагаць Расіі абыходзіць санкцыі, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. ЗША могуць ажыцяўляць крымінальны пераслед не толькі на сваёй тэрыторыі”.

Суразмоўца Еўрарадыё нагадвае, што акрамя амерыканскіх абмежаванняў ёсць і дзясяты еўрапейскі пакет санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі. Ён пакліканы абмежаваць магчымасці транзіту праз Расію тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння, якія экспартуюцца з Еўропы.

Напрыклад, калі раней тавар падвойнага прызначэння па дакументах мог рухацца з ЕС у краіны Цэнтральнай Азіі, а фактычна асядаць на тэрыторыі Расіі ці Беларусі, то з прыняццем новага пакету такія магчымасці павінны знікнуць.

“Зразумела, што крымінальныя стуруктуры заўсёды будуць шукаць магчымасці абыходу гэтых санкцый, але базавы інструмент прымяняецца, а значыць тыя магчымасці будуць, як мінімум, памяншацца”, — упэўнены кіраўнік НАУ.

Што тычыцца дадатковых паставак тавараў з Кітаю, то на думку Паўла Латушкі, такая рызыка існуе. Пытанне ў тым, ці гатовыя пакупнікі адмовіцца ад заходніх тавараў і перайсці на менш якасныя.

“Канешне, можна перасесці з машыны на брычку ці пачаць ездзіць на канях, — жартуе суразмоўца. — Я спрашчаю, але нагадваю, што санкцыі — гэта ціск на сістэму і рэжым. Галоўнае сёння — гэта спыніць вайну і пазбавіць Расію і рэжым Лукашэнкі магчымасці займацца вытворчасцю высокаякаснай зброі, якая будзе забіваць украінцаў і выкарыстоўвацца ў акупацыі нашай радзімы. Гэта нашая мэта, і мы будзем ісці гэтым шляхам”.       

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі