СМІ: Амерыканскія астранаўты маглі наўмысна сапсаваць расійскі касмічны карабель

СМІ: Амерыканскія астранаўты маглі наўмысна сапсаваць расійскі касмічны карабель

У расійскіх СМІ з'явілася версія пра прычыну здарэння на касмічным караблі "Саюз МС-09", які састыкаваны з Міжнароднай касмічнай станцыяй. Як піша "Коммерсант", яго маглі наўмысна сапсаваць... амерыканскія астранаўты. Адзін з іх прыхварэў і яго нібыта хацелі хутчэй адправіць на Зямлю. Таму і з'явілася прасвідраваная дзірка ў караблі. Адзначаецца, што гэта прыярытэтная версія ў спецыяльнай камісіі "Роскосмоса", якая шукае прычыны разгерметызацыі "Саюза". Расіяне звярнуліся да NASA з просьбай прадаставіць дадзеныя відэарэгістратараў астранаўтаў і іх дзейныя медыцынскія паказчыкі. Выданне адзначае, што калі версія пацвердзіцца, гэта будзе магутны ўдар па расійска-амерыканскіх дачыненнях у космасе. Публікацыя цалкам адпавядае антыамерыканскім устаноўкам расійскай прапаганды. Пазней камандзір экіпажу на МКС Эндру Фойстэл абверг дачыненне амерыканцаў да пашкоджання карабля.

Як інфармавала Еўрарадыё, 30 жніўня NASA паведаміла, што на МКС спрацаваў датчык — была выяўлена ўцечка паветра ў адкрыты космас, пачаў падаць ціск. Прычыну знайшлі ў расійскім караблі "Саюз МС-09", там была 1,5-міліметровая дзірка. Экіпаж разгерметызацыю ліквідаваў, інакш давялося б датэрмінова пакідаць МКС.

Амаль адразу з'явілася версія, што дзірка магла быць зроблена ў космасе. Праўда, самай папулярнай версіяй стала свідраванне, выкананае невядомым шкоднікам яшчэ на Зямлі падчас зборкі карабля (была яшчэ і малаверагодная версія пра патрапленне мікраметэарыта). Цяпер жа кіраўнік "Роскосмоса" Дзмітрый Рагозін кажа, што "сітуацыя аказалася нашмат больш складанай".

На сённяшні дзень на Міжнароднай касмічнай станцыі знаходзяцца шэсць чалавек: амерыканцы Эндру Фойстэл, Рычард Арнольд і Серына Аўньен-Чэнселор, немец Аляксандр Герст, расіяне Алег Арцем'еў (гэта ён днямі спрабаваў гаварыць па-беларуску і нагадаў пра свае беларускія карані) і Сяргей Пракоп'еў.

СМІ: Амерыканскія астранаўты маглі наўмысна сапсаваць расійскі касмічны карабель
Тая самая дзірка. Фота: NASA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі