Алег Арцем’еў з космасу вітаў удзельнікаў кангрэсу ў Мінску па-беларуску (відэа)
Алег Арцем’еў з космасу вітаў удзельнікаў XXXI Міжнароднага кангрэсу Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Мінску па-беларуску. Касманаўт няправільна ставіў націск у некаторых словах, але Аляксандру Лукашэнку яго віншаванне відавочна спадабалася — ён усміхаўся.
Арцем'еў у відэазвароце прывітаў ад імя экіпажу Міжнароднай касмічнай станцыі з арбіты Зямлі: "Ад імя экіпажу экспедыцыі 55 і 56 мы жадаем вам удачы і ўсяго найлепшага ў паспяховым правядзенні 31-га міжнароднага кангрэсу".
Пасля касманаўт дадаў, што ў яго сваяцкія сувязі з Беларуссю. Яго бацька нарадзіўся ў Друі і цяпер разам з маці жыве ў Віцебску. А жонка Алега Арцем'ева нарадзілася ў Баранавічах.
"Вас нідзе так не прымуць, як у Беларусі. Дабрэйшага народу і краіны на свеце няма", — гэтымі словамі закончыў сваё вітанне касманаўт.
Як інфармавала Еўрарадыё, Алег Арцем'еў ў 1970-м нарадзіўся ў Рызе, дзе тады служыў бацька, афіцэр савецкай арміі. Пасля выхаду ў запас падпалкоўнік Арцем’еў з жонкай у 1992 годзе пераехаў з Казахстана (там ён служыў на Байкануры) у Віцебск. Алег пераехаў у Расію, скончыў Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Баўмана, працаваў у ракетна-касмічнай карпарацыі “Энергія”. У 2009 годзе на выдатна скончыў Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі.
У 2003 годзе Алега Арцем’ева залічылі ў атрад касманаўтаў. Першы палёт Арцем’ева ў космас адбыўся ў 2014 годзе, у 2016-м ён стаў Героем Расіі. Другі палёт пачаўся ў сакавіку 2018-га.