СМІ: Брытанскія спецслужбы высветлілі трэцяга ўдзельніка замаху ў Солсберы
Брытанскія спецслужбы высветлілі асобу трэцяга чалавека, якога падазраюць у атручванні былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. Пра гэта піша выданне The Telegraph.
Паведамляецца, што гэта расійскі афіцэр вайсковай разведкі. Ён прыбыў у Солсберы яшчэ да таго, як "Пятроў і Башыраў" прывезлі ў Вялікабрытанію атрутнае рэчыва.
Імя трэцяга падазраванага журналісты не называюць. Па іх звестках, якія перадае Радыё "Свабода", ён праводзіў разведку мясцовасці і, верагодна, дапамагаў планаваць замах.
Былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію атруцілі ў Солсберы 4 сакавіка нервова-паралітычным рэчывам "Навічок", распрацаваным яшчэ ў Савецкім Саюзе. Афіцыйны Лондан абвінаваціў у гэтым раійскія спецслужбы і ўсклаў адказнасць асабіста на прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Падазраванымі ў замаху брытанская паліцыя назвала людзей з імёнамі Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў, якія прыбылі ў краіну пад выглядам турыстаў. Людзі з гэтымі імёнамі далі інтэрв'ю тэлеканалу RT, у якім абверглі сваю датычнасць да атручвання Скрыпалёў і сваю сувязь з расійскай разведкай.
Аднак журналісты з Bellingcat і The Insider высветлілі. што сапраўднае імя "Руслана Башырава" — Анатоль Чапіга. Ён палкоўнік ГРУ і Герой Расіі. Гэта ж пацвердзіла па сваіх крыніцах Бі-Бі-Сі.