СМІ: Грузінскія і ўкраінскія чыноўнікі ў Беларусі дамаўляюцца выдаць Саакашвілі
У Беларусі нібыта праходзяць сакрэтныя перамовы паміж кіраўніком Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі Вахтангам Гамелауры і ўкраінскімі чыноўнікамі. Тэма перамоваў — экстрадыцыя з Украіны ў Грузію Міхаіла Саакашвілі, паведамляе УНІАН са спасылкай на грузінскую тэлекампанію "Руставі-2".
Паводле звестак грузінскіх журналістаў, украінскія ўлады рыхтуюцца да выдачы Саакашвілі, і асноўная мэта візіту Гамелауры — абмеркаванне падрабязнасцяў экстрадыцыі.
Служба дзяржбяспекі Грузіі пацвярджае звесткі, што яе кіраўнік знаходзіцца ў Беларусі. Аднак прычынай візіту называецца ўдзел у святкаванні 100-годдзя беларускага КДБ.
Ва Украіне Генпракуратура абвясціла Саакашвілі ў вышук па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: замах на злачынства, злачынства па папярэдняй змове групай асоб, спрыянне ўдзельнікам злачынных арганізацый і ўтойванне іх злачыннай дзейнасці.
Саакашвілі падазраюць у змове з алігархам-уцекачом Сяргеем Курчанкам, паплечнікам Віктара Януковіча. Нібыта, Курчанка фінансаваў дзейнасць Саакашвілі ва Украіне.
8 снежня апальнага палітыка затрымалі ў Кіеве. Але 11 снежня Пячэрскі суд Кіева адпусціў Саакашвілі на волю, хаця пракуратура прасіла ўзяць яго пад хатні арышт.