СМІ: Мінск патрабуе кампенсацыі ад Масквы — 1,5 млрд долараў
Гаворка ідзе пра расійскі "падатковы манеўр" ў нафтавай галіне, з-за якога беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы нясуць страты.
Пра гэта піша расійская газета "Ведомости", якая спасылаецца на паведамленне трох неназваных федэральных чыноўнікаў. А адзін з беларускіх чыноўнікаў адзначыў, што "рашэнняў пакуль няма: мы дамовіліся палічыць сумесна страты і вырашыць, што з гэтым рабіць".
Трохгадовы манеўр — гэта зніжэнне мытаў на нафту, а таксама акцызаў і адначасовае павышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў. З-за зніжэння мытаў вырасце ўнутраны кошт на нафту, што ўдарыць па маржы нафтаперапрацоўкі як у Расіі, так і ў Беларусі. Як вядома, заводы нашай краіны купляюць нафту ў Расіі без пошлін па ўнутранай цане, у якасці кампенсацыі Беларусь аддае пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты.
Страты Беларусі ў 2015 годзе могуць скласці 250 мільёнаў долараў, у 2016-м — 300 млн долараў, у 2017-м — 370 млн долараў. Але гэта не канчатковыя лічбы, падлікі беларускім бокам яшчэ не скончаныя. Прадстаўнікі Мінфіна і Мінэнэрга Расіі прапановы Мінска не каментуюць, адзначае выданне.
Беларусь прапануе знізіць суму мытаў на экспарт нафтапрадуктаў, якая пералічваецца Расіі (гэта кампенсацыя за атрыманую нафту без мытаў). Раней Аляксандр Лукашэнка яе ацэньваў прыкладна на 4 млрд долараў. З наступнага года гэтая сума будзе зніжацца на 1,5 млрд долараў. Цяпер жа беларускі бок хоча аддаваць менш яшчэ на 1-1,5 млрд долараў.
Дарэчы, расійскія эксперты ацэньваюць субсідыі, якія атрымлівала летась Беларусь ад Расіі за кошт нафты і газу прыкладна на 10 млрд долараў.
Фота — Fotolia