Спартсмены заступіліся за трэнера Казеку, якога не ўзялі на зборы
Мікалай Казека / Дарья Бурякина, TUT.BY
Мікалая Казеку, галоўнага трэнера беларускіх фрыстайлістаў, не ўзялі на зборы нацыянальнай каманды ў Фінляндыю. Прычынай спартыўныя чыноўнікі назвалі праверку "законнасці атрымання заслужаным трэнерам дзяржаўных узнагарод".
Уся зборная Беларусі па фрыстайле заступілася за легендарнага трэнера. Спартсмены напісалі ліст міністру спорту Сяргею Кавальчуку, копію дакумента апублікаваў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.
Фрыстайлісты пішуць, што апошнія падзеі вакол іх каманды дрэнна адбіваюцца на атмасферы ў зборнай.
Самаго Мікалая Казеку, які падпісаў зварот спартоўцаў супраць гвалту, пазбавілі імянных стыпендый і запатрабавалі вярнуць ужо атрыманыя грошы.
Сярод вучняў Мікалая Казекі — чатыры чэмпіёна Алімпіяды, таксама яго вучні атрымалі адну сярэбраную і дзве бронзавыя медалі. Трэнер з'яўляецца поўным кавалерам ордэна Айчыны. Але, мяркуючы па ўсім, і гэтых узнагарод яго могуць пазбавіць за грамадзянскую пазіцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.