Спецпрадстаўнік Дзярждэпу ў пытаннях Украіны Курт Волкер падаў у адстаўку

Спецпрадстаўнік Дзярждэпу ў пытаннях Украіны Курт Волкер падаў у адстаўку

Спецыяльны прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША ў пытаннях Украіны Курт Волкер падаў у адстаўку. Гэта здарылася праз дзень пасля апрылюднівання справаздачы, у якой казалі пра схаванне Белым домам зместу размовы паміж прэзідэнтамі Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім. Тэлеканал CNN перадае, што Волкер дапамог арганізаваць сустрэчу адваката Трампа Рудольфа Джуліяні і памочніка Зяленскага Андрэя Ермака.

На наступным тыдні Палата прадстаўнікоў ЗША дапытае Волкера ў сувязі з расследаваннем імпічменту Трампа, паведамляе hromadske.ua са спасылкай на замежныя СМІ.

У 2017 годзе былога прадстаўніка ЗША пры НАТО Курта Волкера прызначылі пасланнікам Дзярждэпу па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. Пасада спецпрадстаўніка па Украіне стваралася ўпершыню, хоць практыка мець сваіх спецпрадстаўнікоў у розных краінах —  звычайная з’ява для ЗША.

Працэдуру імпічменту запусцілі 24 верасня пасля апублікавання стэнаграмы размовы Дональда Трампа з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, падчас якой амерыканскі лідар папрасіў расследаваць дзейнасць газавай кампаніі Burisma ва Украіне. У яе савет дырэктараў уваходзіў Хантэр Байдэн, сын былога віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, верагоднага саперніка Трампа на выбарах 2020 года

Размова адбылася ў ліпені. Зяленскі сказаў, што наступны генпракурор будзе “цалкам яго чалавекам” і зоймецца справай Байдэна.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі