Стала вядома, дзе знаходзіцца беларус, які летась праз балоты ўцёк ва Украіну
На ўкраінска-беларускай мяжы
Стала вядома, дзе знаходзіцца беларус, які летась праз балоты ўцёк ва Украіну. Як паведамляе Радыё Свабода, 45-гадовы Сяргей С. усё яшчэ ўтрымліваецца ў пункце часовага знаходжання замежнікаў. У красавіку яму да сярэдзіны кастрычніка 2024-га падоўжылі час знаходжання ў гэтым пункце. Падставай для падаўжэння затрымання стала тое, што ўпраўленне міграцыйнай службы ў Валынскай вобласці дагэтуль не разгледзела яго заявы аб палітычным прытулку.
Беларус паспеў прайсці па ўкраінскай тэрыторыі каля 800 метраў, як яго затрымалі за незаконнае перасячэнне мяжы. Здарэнне адбылося 24 кастрычніка ў Ровенскай вобласці (беларус прыйшоў з Пінскага раёна Брэсцкай вобласці РБ). Мужчына заявіў украінскім памежнікам, што хацеў трапіць да знаёмых і ўладкавацца на працу. Паводле яго слоў, ён працаваў токарам на рачным порце ў Пінску і выступае супраць "палітычнага рэжыму ў Беларусі". У той жа дзень беларус папрасіў палітычнага прытулку ва Украіне.
Сёлета ў сакавіку Сяргей С. паўторна звярнуўся з заявай па атрыманне статусу ўцекача або дадатковай абароны ва Украіне. Але і яе дагэтуль не разгледзелі. Цяпер ён абскарджвае гэта ў судзе. На час абскарджвання мужчына будзе заставацца ў пункце часовага знаходжання замежнікаў ва Украіне.
Яшчэ ў кастрычніку 2023-га ўкраінскі суд аштрафаваў парушальніка на 240 долараў за незаконнае перасячэнне мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.