Стала вядома, на колькі падаражэе плата для студэнтаў ва ўніверсітэтах

Універсітэты павышаюць кошт навучання / Еўрарадыё, архіўнае фота
Універсітэты павышаюць кошт навучання / Еўрарадыё, архіўнае фота

Напярэдадні новага навучальнага года беларускія ўніверсітэты павышаюць цэны на навучанне, перадае БЕЛТА. Новыя расцэнкі паведамілі ўжо ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Акадэміі кіравання.

Усе расцэнкі павысіліся на 7% у параўнанні з леташнімі.

У БДУІР першакурснікам факультэтаў камп'ютарных сістэм і сетак, інфармацыйных тэхналогій і кіравання, інжынерна-эканамічнага за дзённае навучанне давядзецца заплаціць 4590 рублёў (раней было 4290). Навучанне на факультэтах камп'ютарнага праектавання, інфармацыйнай бяспекі, радыётэхнікі і электронікі ацэньваецца ў 4140 рублёў (было 3870).

Рост цэн у БДУІР тлумачаць павелічэннем выдаткаў на камунальныя паслугі, на ўтрыманне будынкаў і збудаванняў, ростам цэн на энерганосьбіты, а таксама "падтрыманнем узроўню заробку прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта".

4430 рублёў давядзецца заплаціць першакурснікам медуніверсітэта за навучанне на факультэтах "Лячэбная справа", "Педыятрыя", "Фармацыя" (летась было 4142, а пазалетась — 3766). Навучанне на медыка-прафілактычнай справе каштуе 4064 рублі (было 3800). Найдаражэй каштуе навучанне на стаматалагічным факультэце — 5182 рублі (летась было 4844, пазалетась — 4404).

У МДЛУ студэнтам першага-другога курсаў стацыянарнай формы навучання давядзецца выкласці па 3948 рублёў (летась было 3690).

Першакурснікі Акадэміі кіравання мусяць заплаціць 4330 рублёў (летась было 4050).

Дарэчы, ВНУ маюць права  карэктаваць цэны падчас навучальнага года, нават у чэрвені.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі