Стала вядома пра яшчэ адну галадоўку ў ЦІП на Акрэсціна

У чатырохмеснай камеры перыядычна знаходзіцца па 16 чалавек / Еўрарадыё​
У чатырохмеснай камеры перыядычна знаходзіцца па 16 чалавек / Еўрарадыё​

Стала вядома пра яшчэ адну галадоўку, якую абвясцілі арыштанты Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, паведамляюць праваабаронцы.

Раней паведамлялася пра галадоўку, якую абвясцілі на Акрэсціна зняволеныя жанчыны. Сярод іх — і журналістка "Белсата" Ірына Слаўнікава. Жанчыны дамагаліся нармальных умоваў утрымання.

Гэтага ж дамагаліся і мужчыны з "палітычнай" камеры № 13. Падрабязнасці расказаў праваабаронцамі былы арыштант, які днямі выйшаў на волю.

У чатырохмеснай камеры перыядычна знаходзіцца па 16 чалавек. Часам у камеру да "палітычных" закідваюць бяздомных людзей, на падлогу выліваюць хлорку. Перадачы не даходзяць.

Па словах мужчыны, асабліва жорсткім стаўленнем да арыштантаў вылучаліся медык, раздатчыца ежы і адна з ахоўніц.

"У адной маленькай камеры не адчынялася акно. А калі сядзіць 16 мужыкоў, то па сценах цячэ кандэнсат і ад недахопу кіслароду баліць галава. Мы прасілі раздатчыцу ежы не зачыняць кармушку, каб хоць трохі паступала паветра. Але яна зачыняла кармушку і казала: "Дыхаць трэба было дома, мразі", — расказвае мужчына

Медык некалькі разоў выкідвала таблеткі, аднойчы забрала ўсе спрэі для носа — каля 20 флаконаў.

"Адзін раз яна вырашыла пакараць усю камеру, не выдаўшы лекі, нягледзячы на тое, што ў камеры была пара гіпертонікаў, адзін чалавек з адбітымі ныркамі і адзін дыябетык", — успамінае мужчына.

На галадоўку камера № 13 наважылася, калі да іх падсялілі бяздомнага мужчыну. Праз двое сутак адміністрацыя ЦІП здалася, і бяздомнага адсялілі.

У цяперашніх умовах галадоўка — гэта адзіны спосаб абароны сваіх правоў у беларускіх ізалятарах, лічыць былы арыштант.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі