Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання ўкраінскага журналіста ў Беларусі
Украінскага журналіста Паўла Шаройку затрымалі ў Мінску 25 кастрычніка. Арышт праводзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў яго калега Сяргей Таміленка.
"У той жа дзень у кватэры, дзе Павел жыве з сям'ёй — жонкай Аленай і дачкой — быў праведзены ператрус", — дадае ён.
Паведамляецца, што Шаройка мае толькі дзяржаўнага адваката. З сям'ёй журналіст можа кантактаваць толькі праз лісты. Першы ліст жонка атрымала па пошце толькі праз паўтара тыдня.
Нацыянальны саюз журналістаў Украіны патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення калегі.
Як паведамляла Еўрарадыё, паводле неафіцыйных звестак, уласнага карэспандэнта Украінскага радыё вінавацяць у шпіянажы. Раней Шароўка ўзначальваў карпункт інфармагенцтва УНІАН у Мінску.