Старажытныя карагоды на "Старым Ольсе" (фотарэпартаж)

Прыхільнікі гурта далі абяцанне ніколі не сядзець, слухаючы музыку, — толькі танчыць.
“Стары Ольса" на мінулых выходных прэзентаваў новую праграму. Называецца яна "Дрыгула" і складаецца з сярэднявечных песняў і танцаў, узятых з "Полацкага сшытка" – старадаўняга зборніку прыдворнай камернай музыкі.



Прэзентацыя адбылася ў КЗ "Мінск", куды завітала даволі шмат людзей (амаль поўная зала!), пераважна сталага ўзросту, нават з дзецьмі.



У “Мінску” гурт граў упершыню, таму было вельмі цікава, які гук атрымаецца, як будзе паводзіць сябе публіка пад час канцэрту, што будзе казаць Зміцер Сасноўскі ў мікрафон, і як, нарэшце, будзе граць Сяргей Тапчэўскі – бубнач, якога спецыяльна дзеля канцэрту адпусцілі з войска.



Аказалася, што праграма “Дрыгула” як мага лепш упісалася ў фармат “Мінску”.

З гукам усё было добра – якасная апаратура, дый у дадатак на прэзентацыю гурт запрасіў свайго любімага гукааператара:

“Мы прывезлі з Масквы найлепшага, на наш погляд, гукааператара Беларусі – Анатоля Шаўцова, каб ён настройваў наш канцэрт, і таму гук быў вельмі добры!” – распавёў Зміцер Сасноўскі, лідар і галоўны дудар “Старога Ольсы”.



Бубнач Сяргей граў сур’ёзна, нават неяк па-вайсковаму. Вядома, уявіце: толькі ўчора таптаць боты, а сёння – сядзець на сцэне і граць перад поўнай залай, з якой на цябе глядзіць, між іншым, палкоўнік тваёй часці.

Але Зміцер Сасноўскі не цураўся жартаваць на гэты конт, кажучы на бубнача “радавы” і адзначаючы “як файна яго пагалілі ў войску”.



Яшчэ з “мікрафонных” прыколаў – байкі пра лютністаў і дудароў, якія расказваў Зміцер падчас наладкі інструментаў. Напрыклад:

“Лютніст жыве 80 год. 60 з іх... настройвае лютню”
ці
“Дудар палову свайго жыцця наладжвае дуду, а другую палову грае на разладжанай дудзе”.



А цяпер звернемся да публікі. Падчас канцэрту людзі не саромеліся танчыць, нягледзячы на тое, што ў канцэртнай залі “Мінск” традыцыі ўставаць з месцаў няма.

Спачатку смелых знайшліся толькі тры дзяўчынкі, якія непрыкметна вадзілі сярэднявечны карагод у левым вуглу пад сцэнай. Але праз колькі песень да дзяўчат далучылася яшчэ адна, і яшчэ, дзеці, хлопцы...



“З боку сцэны вы можаце бачыць прадстаўнікоў гурта “Гістрыён”. Яны далі абяцанне ніколі не сядзець і слухаць музыку. А заўсёды танчыць. Вельмі прыемна, што ёсць такія людзі” – патлумачыў са сцэны Зміцер.

На другой частцы канцэрту, калі публіка нармальна так дзябнула піўка ў антракце, танцы “на траіх” пераўтварыліся ў вялікі карагод, які пачалі карагодзіць па ўсёй зале – паміж праходаў і крэслаў.



Еўрарадыё запытала ў Змітра, ці не збіраецца калі-небудзь “Стары Ольса” зрабіць сапраўдны харэаграфічны нумар пад “Дрыгулу” – каб людзі танчылі не пад сцэнай, а на сцэне? Зміцер гэтую ідэю не падтрымаў, сказаўшы:

“Танцы на сцэне пераўтвараюць музыкаў у магнітафон, у выканаўцаў фанаграмы да танцу. Але ў нас ёсць сярэднявечныя дыскатэкі, якія мы звычайна ладзім у клубах – вось там усе могуць патанчыць. А на сцэне – гэта не зручна”



Але нешта новае ў сцэнічных паводзінах чакаць ад “Старога Ольсы” можна. У гэтым годзе гурту спаўняецца 10 год, і музыкі паабяцалі шмат сюрпрызаў.

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі