Стартап-хаб "Imaguru" плануе пераехаць у Літву

Стартап-хаб "Imaguru" плануе пераехаць у Літву

Стартап-хаб "Imaguru", які пераследуюць беларускія ўлады, разглядае магчымасць пераехаць у Літву. Пра гэта заявіла адна з яго стваральніц Анастасія Хамянкова.

"Наша мэта — быць побач з заснавальнікамі нашых стартапаў. Мы ведаем, што многія з іх перабраліся сюды, у Вільню. Мы пра гэта падумаем. Прыярытэт — дапамагчы заснавальнікам нашых стартапаў настолькі, наколькі мы можам", — прыводзіць lrt.lt словы Хамянковай. 

Як распавядала Еўрарадыё, пра закрыццё "Imaguru" стала вядома 19 красавіка. Холдынг "Гарызонт" скасаваў дамову на арэнду памяшкання без тлумачэнняў. Заснавальнікі "Imaguru" ўпрэўненыя, што прычынай сталі палітычныя матывы, бо заснавальнікі выступілі за палітычныя перамены ў краіне.

Дарэчы, Сейм Літвы 3 траўня прыняў у першым чытанні папраўкі ў законы аб інвестыцыях, працаўладкаванні і прававым статусе замежнікаў. Яны спросцяць пераезд для супрацоўнікаў кампаній і іх сем'яў, якія поўнасцю або часткова рэлакуюцца. У Літве не хаваюць, што гаворка ідзе пераважна пра беларускія кампаніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі