"Стары Ольса": Сутыкнуліся з зайздрасцю, таму вырашылі больш не збіраць грошы
1 сакавіка рэканструктары беларускай сярэднявечнай музыкі, гурт “Стары Ольса”, выпраўляюцца за акіян у свой другі амерыканскі тур. За 5 тыдняў каманда мае даць 65 канцэртаў. Чым чапляюць тамтэйшую публіку беларускія старадаўнія мелодыі, як гэта, падпісаць кантракт з амерыканскім прадзюсарам і на чым “сядзяць” нашы музыкі, каб вытрымліваць бясконцыя пераезды і канцэрты ў турнэ, распавядае лідар гурта Зміцер Сасноўскі.
Зміцер Сасноўскі: На самой справе, Амерыка цікавіцца Сярэднявеччам. І тое, што мы адышлі ад тэмы і запісалі альбом кавер-версій, ніяк не звязана з амерыканскімі гастролямі. З 58 канцэртаў толькі адзін быў прысвечаны рок-класіцы, у Сан-Францыска. На астатніх 57-мі мы гралі музыку Сярэднявечча.
Еўрарадыё: Але ў адной царкве пастар папрасіў вас выканаць кавер на AC/DC...
Зміцер Сасноўскі: Так. Напрыканцы кожнага выступу мы дазваляем сабе адзін-два каверы сыграць. Гэта як жарт. Але асноўная цікавасць амерыканцаў звязаная менавіта з беларускай і ўвогуле з еўрапейскай старадаўняй музыкай. Таму што ў іх гэты накірунак нашмат слабей развіты, чым у Еўропе.
Еўрарадыё: Летась увосень 2016-га, за два месяцы вы далі 58 канцэртаў. Цяпер за пяць тыдняў плануеце даць 65 выступаў. Як вы вытрымліваеце такую нагрузку? На чым “сядзіце”?
Зміцер Сасноўскі: Хто на чым, я ― на бурбоне. Кентукскім. Дапамагае. Цяпер цягам 11-ці дзён мы будзем граць па пяць канцэртаў за дзень. І кантракт вельмі жорсткі: два разы на год мы мусім ездзіць у Амерыку, і дазволіць сабе нешта ўжываць ты можаш толькі пасля канцэрта, і толькі, калі паводзіш сябе ціха, калі не — то пазбаўляешся ганарару.
Еўрарадыё: Раскажы больш падрабязна пра кантракт…
Зміцер Сасноўскі: Першапачатковы кантракт разлічаны на тры гады. Яго мы падпісалі з Джанін Рэнэ — прадзюсаркай, якая знайшла нас пасля таго, як кавер “Старога Ольсы” на Metallica сабраў два мільёны праглядаў на Youtube. Яна адразу папярэдзіла, што гэтыя гады для нас будуць цяжкімі, гэта будзе час набыцця імені і завязвання стасункаў. Напрыклад, пасля леташняга тура ў нас завязалася сяброўства з пяццю фестывалямі, якія ўжо восенню чакаюць нас з канцэртамі. Таму мы будзем шмат ездзіць, шмат выступаць. Фінансава гэта пакуль не вельмі апраўдана.
Еўрарадыё: У мінулы тур вы ездзілі за грошы, сабраныя праз краўдфандынг. За якія грошы вы гэта зробіце цяпер?
Зміцер Сасноўскі: Спачатку вы вырашылі выпусціць альбом кавер-версій і выставілі суму, якая была патрэбная на запіс. Так, як яна сабралася за тыдзень, па парадзе нашага прадзюсара мы выставілі наступную мэту: "Дапамажыце набыць квіткі ў Амерыку і назад". І на гэта сабралася. Тады мы выставілі яшчэ адну мэту: "Дапамажыце арандаваць аўтобус". На гэта ўсё і назбіралася 30 тысяч долараў. Але цяпер мы вырашылі не звяртацца да збору сродкаў, таму што сутыкнуліся з дзіўнай рэччу — зайздрасцю: людзі, беларусы, лічаць, што мы сабралі грошы сабе ў кішэню. Хаця гэтыя грошы былі безнаяўныя, мы іх не бачылі, яны былі для пэўных мэтаў, і прадзюсар іх туды накіравала. Але даводзіцца пастаянна апраўдвацца і тлумачыць, на што пайшлі гэтыя сродкі. Цяпер мы едзем без падтрымкі і страховачнай сумы. Тое, што ўжо арандавана і замоўленае жыллё — гэта ўжо мінус, і яго трэба апраўдаць. Мы вырашылі рызыкнуць і пачаць існаваць і працаваць у Амерыцы літаральна за тое, што зарабляем.
Еўрарадыё: Вы падаліся за акіян, таму што хочаце, каб беларускую старадаўнюю музыку пачуў увесь свет, ці ўсё ж цесна стала ў Беларусі?
Зміцер Сасноўскі: Не стала цесна. У Беларусі мы не перавыступалі, і цікавасць да такіх выступаў у нас ёсць. Самае дзіўнае, што перад гэтай амерыканскай авантурай у Беларусі ў апошнія тры гады мы сталі выступаць часцей, чым за мяжой. Змянілася статыстыка. Мы падлічвалі: да 30 канцэртаў за год магло быць за мяжой, у Беларусі да 10-15-ці. А цяпер наадварот. Але ў Амерыку мы падаліся, бо захацелася ісці па ўсім свеце і граць беларускую музыку. І самае цікавае, гэта сапраўды была вельмі вялікая авантура і рызыка, і ніхто не ведаў, чым гэта скончыцца ні фінансава, ні творча, але гэта мае працяг.
Еўрарадыё: З якімі зоркамі супрацоўнічала ваша прадзюсарка?
Зміцер Сасноўскі: Яна спецыялізуецца менавіта на маладых музыках, на музыках замежных. Я не ведаю, як далей развіваюцца падзеі, але, ведаю, што існуе ў сусветнай практыцы шоу-бізнесу рэч, калі прадзюсары, якія спецыялізуюцца на маладых, знаходзяць іх, раскручваюць, а потым перазаключаюць кантракт, і за музыкаў бяруцца іншыя.
Еўрарадыё: Жаданне перакласці на англійскую мову беларускія песні, якія вы выконваеце, было?
Зміцер Сасноўскі: Пакуль не было, але будзе.
Еўрарадыё: Вы даяце шмат інтэрв'ю ў Амерыцы. Чым адрозніваюцца нашы журналісты ад амерыканскіх?
Зміцер Сасноўскі: Беларускія больш тактычныя. У амерыканцаў больш нязмушаныя, нават дзіцячыя паводзіны, яны цікавяцца літаральна ўсім: што вы п'яце, што вы ясце і гэтак далей.
Еўрарадыё: У мінулым туры былі канцэрты якога маштабу? І што чакае вас наперадзе — клубы, фестывалі, лакальныя канцэрты ў дыяспарах ці сапраўдны шоу-біз?
Зміцер Сасноўскі: Былі вельмі розныя канцэрты, і першы прыезд у Амерыку я б ацэньваў як разведвальны. Мы гралі паўсюль, дзе толькі магчыма. У клубах дыяспар мы гралі толькі двойчы і гэта былі польскія клубы. Былі філармоніі, кансерваторыя, тэатры, рок-клубы і фестывалі. Вось там велізарная колькасць людзей, велізарны аб'ём самога фестывалю, рыцарскія турніры. Асабліва здзівіў, натуральна, узровень амерыканскіх каскадзёраў, якія спецыялізуюцца на рыцарскіх шоу. Настолькі рэалістычныя двубоі, з'язджанне на конях, разбіванне дзідаў адзін аб другога! Гэта прафесіяналы такога ўзроўню, якіх я нават у Еўропе не бачыў.
Еўрарадыё: Як увогуле амерыканцы рэагуюць на старадаўнюю музыку з Беларусі?
Зміцер Сасноўскі: Вельмі цікавяцца, бо такой музыкі яны там не чуюць. У нас з'явіліся фанаты, якія рэгулярна наведвалі нашы канцэрты. У Мінесоце адзін хлопчык быў на некалькіх канцэртах, а потым неяк падышоў і спытаў: "Скажыце, як выглядае ваша краіна, у якой такая музыка гучала?". А парадокс у тым, што ў Мінесоце клімат і прырода такія ж, як у Беларусі. Наша Маша Шарэй кажа, маўляў, у Беларусі так жа, як у Мінесоце. Ён так расстроіўся, бо думаў, што гэта нейкая іншая краіна.
Мы на пачатку канцэрта і ў сярэдзіне абвяшчаем, з якой мы краіны і на якой мове будзем спяваць. Але тыя, хто спазняўся ці прапускаў гэтыя аб'явы, потым пыталіся: "Вы спявалі па-французску? Вы спявалі па-нямецку?". Яны ніяк не маглі ідэнтыфікаваць мову. Яшчэ ёсць некалькі асаблівасцяў тамтэйшага шоу-бізу, якім мы вучымся і якія мусім улічваць — гэта абавязковае патрабаванне інтэрактыўных паводзінаў на сцэне, размоў з публікай. У Беларусі і ўвогуле ў Еўропе гэта не прынята. У нас ты мусіш лепш больш якасна сыграць, чым гэта зрабіць, пасміхаючыся і падскокваючы і ў перапынках, размаўляючы з публікай. І яшчэ. Гадзіну-паўтары пасля кожнага выступу твой прафесійны абавязак — паразмаўляць з публікай. Прыходзіш туды, дзе прадаецца мерч, гутарыш з людзьмі, паказваеш інструменты, фатаграфуешся. Да таго ж, яшчэ адна асаблівасць — амерыканскі шоу-бізнес рэдка плаціць ганарары. Усе, нават амерыканскія гурты, нават тыя ж RHCP у свой час ездзілі такімі ж зігзагамі па Амерыцы. Усе працуюць за продаж дыскаў і камерцыйнай прадукцыі.
Еўрарадыё: Вы везлі з сабой шмат дыскаў? Вялікі тыраж удалося прадаць?
Зміцер Сасноўскі: Я не валодаю лічбамі. Мы выпусцілі там тры нашы мінулыя альбомы і таксама альбом кавераў "Medival Classic Rock". Два з іх прадаліся цалкам, і перад вясновым турам мы вымушаныя зноў іх замовіць.
Еўрарадыё: Новы альбом застольных песень, над якім вы цяпер працуеце, выйдзе ў Амерыцы?
Зміцер Сасноўскі: Ён будзе выходзіць і там, і тут. Але ў нас з'явіўся амерыканскі прадзюсар альбома пасля мінулага тура. Гэта бізнесмен, які займаецца аптовым гандлем алкаголем. На адной вечарыне мы распавялі, што наш наступны альбом — гэта застольныя песні розных стагоддзяў. Іншая справа, што гэта не такія застольныя песні, як куплеты і прыпевы. Многія з іх — рэлігійнага зместу, некаторыя баладнага тыпу, "Заснаванне Вільні" — сур'ёзныя песні, якія перамяжоўваюцца класічнымі пра напоі і весялосць. У альбом таксама ўвойдзе гімн студэнтаў “Gaudeamus”, які з'яўляўся менавіта застольнай студэнцкай песняй і ніколі не быў акадэмічнай, бо там спяваецца пра тое, што хвалюе маладых людзей. І вось гэты бізнесмен сказаў, што яго цікавіць наша ідэя, што гэта супадае з яго бізнесам, зробіць яму рэкламу, а нам дапаможа зарабіць. Мы згадзіліся.
Еўрарадыё: Ці будзеце працягваць рабіць каверы на рок-класіку?
Зміцер Сасноўскі: Першы альбом кавераў склаўся сам. Пытанне, на якія рок-хіты мы хочам зрабіць наступныя каверы, самае частае і ў Амерыцы, і ў нас… Блюз і рок-н-рол блізкі Сярэднявеччу. На джаз мы даўно пазіраем, але ўсё рукі не даходзяць. Мы ўсё гэта разглядаем, але толькі ў якасці жарту. Амерыку рок-каверамі не здзівіш. Там яны перайграныя ў 30-40 варыянтах. Іншая справа, што, натуральна, гучыць яно арыгінальна на старадаўніх інструментах, але мы б не хацелі далей звяртацца да кавераў. У нас было падазрэнне, што цікавасць да гурта звязаная толькі з кавер-версіямі рок-класікі. Але гэты тур па Амерыцы паказаў, што справа не ў ёй. Рок-класіка вітаецца, як жарт і дадатак, але асноўны змест нашай творчасці і застаецца сярэднявечным, і менавіта ён, аказваецца, выклікае большую цікавасць.