Статкевіч і Някляеў збіраюцца правесці акцыю на 20-я ўгодкі рэферэндуму

Статкевіч і Някляеў збіраюцца правесці акцыю на 20-я ўгодкі рэферэндуму

Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў збіраюцца правесці акцыю на 20-я ўгодкі рэферэндуму, які пашырыў паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі. Яе апазіцыянеры запланавалі ў Мінску на 24 лістапада. Адпаведнае апавяшчэнне перададзена ў Мінгарвыканкам, інфармуе БелаПАН.

Статкевіч адзначыў, што гэта не заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства, якая падаецца за 15 дзён, а менавіта апавяшчэнне. "У Беларусі адсутнічае легітымнае заканадаўства ў пытаннях правядзення масавых акцый. Дзейныя законы груба парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян і не адпавядаюць міжнародным абавязкам Беларусі", — сказаў палітык у каментары БелаПАН.

Паводле яго слоў, апазіцыйныя палітыкі "змушаныя наўпрост кіравацца Канстытуцыяй і практыкай, якая склалася ў суседніх краінах". "Мы апавяшчаем улады, што будзем выкарыстоўваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду сходаў 24 лістапада на плошчы Свабоды, дзе правядзем мітынг, прысвечаны 20-й гадавіне дзяржаўнага перавароту, чорнай даце ў гісторыі Беларусі", — сказаў Мікалай Статкевіч.

Як вядома, рэферэндум 24 лістапада 1996 года быў праведзены па ініцыятыве Лукашэнкі. Па яго выніках былі ўнесеныя змены ў Канстытуцыю, якія працягнулі тэрмін яго прэзідэнцкіх паўнамоцтваў на два з паловай гады. Вынікі рэферэндуму не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю, Еўрасаюзам, ЗША, АБСЕ і іншымі аўтарытэтнымі міжнароднымі структурамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі