Статкевіч заклікае далучыцца да афіцыйнага святкавання Першамая

Статкевіч заклікае далучыцца да афіцыйнага святкавання Першамая

Напярэдадні Дня Працы апазіцыйны дзеяч Мікалай Статкевіч заклікаў выкарыстаць афіцыйнае святкаванне для выказвання пратэсту. 

У сваім акаўнце на Фэйсбуку ён апублікаваў зварот Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу пад назвай "Змусім уладу слухаць народ". 

У звароце гаворыцца, што ўлады зноў спрабуюць кампенсаваць правалы сваёй эканамічнай палітыкі за кошт народа.

"Сацыяльная дзяржава" ператворана ў фікцыю. Скарочваюцца працоўныя месцы, але пры гэтым расце пенсійны ўзрост. Сотні тысяч людзей, каб пракарміць сем'і, мусяць шукаць заробкаў на чужыне. Павышаецца плата за жыллёва-камунальныя паслугі, асабліва ў інтэрнатах. У буйных гарадах размяшчаюцца, яўна не "за так", забароненыя ў нармальных краінах небяспечныя вытворчасці", — пералічваецца ў звароце.

Статкевіч нагадвае, што Першамай ад пачатку быў днём барацьбы працоўных людзей за свае правы. Таму БНК заклікае грамадзян скарыстацца дазволенымі мерапрыемствамі, якія будуць ладзіць афіцыйныя прафсаюзы з мясцовымі ўладамі. 

Але святу трэба вярнуць яго першасны сэнс. "Выйдзем на афіцыйныя святочныя мерапрыемствы са сваімі патрабаваннямі, плакатамі і сцягамі. Публічна заявім пра свае праблемы. Толькі гэтак можна прымусіць уладу пачуць нас і спыніць здзеклівыя эксперыменты над народам", — прапаноўваецца ў звароце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі