"Стратэгічная памылка" — МЗС Беларусі пра запрашэнне ў NATO Фінляндыі і Швецыі
Міністэрства замежных спраў Беларусі / facebook.com/belarusmfa
Стратэгічнай памылкай назваў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз запрашэнне Фінляндыі і Швецыі ў NATO. Афіцыйнае запрашэнне было агучанае надоечы падчас саміту Альянсу ў Мадрыдзе. Журналісты папрасілі Глаза пракаментаваць падзею.
"Пазіцыя Рэспублікі Беларусь у дачыненні да пашырэння NATO застаецца нязменнай", — сказаў ён. Глаз нагадаў пра роспуск Арганізацыі Варшаўскай Дамовы і пра тое, што з тых часоў Альянс "страціў сваю абарончую прыроду". Новае ж разрастанне NATO "падрывае прынцып непадзельнасці бяспекі і вядзе да з'яўлення новых раздзяляльных ліній на еўрапейскім кантыненце".
У беларускім МЗС лічаць, што ўмацоўваць бяспеку NATO павінна не за кошт "нарошчвання ваеннага патэнцыялу", а за кошт кантролю над узбраеннямі і праз "раўнапраўны і ўзаемапаважлівы дыялог, накіраваны на ліквідацыю рознагалоссяў". Глаз асабліва падкрэсліў, што "Рэспубліка Беларусь была і застаецца адкрытай для такога ўзаемадзеяння".
Нагадаем, што Фінляндыя і Швецыя вырашылі ўвайсці ў NATO пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.