Студэнты-платнікі сябе акупляюць, але кошты ім усё роўна падвысяць?

Магчыма, нашы студэнты будуць плаціць за навучанне ў беларускіх ВНУ тыя ж грошы, якія плацяць зараз кітайскія студэнты. Міністэрства адукацыі заяўляе, што студэнты-платнікі пакрываюць кошт свайго навучання толькі на 58%. І прапаноўвае павялічыць плату за навучанне. Аднак нават ва універсітэтах сцвярджаюць, што платнікі прыносяць ВНУ прыбытак. Да таго ж, у судах, калі тыя разглядаюць пазовы да выпускнікоў, што збеглі з размеркавання, ВНУ чамусьці патрабуюць ад тых тыя ж грошы як ад платнікаў – не больш.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Аляксандр Красуцкі распавядае Еўрарадыё, што ў кошт аплаты за навучанне закладаюцца выдаткі і рэнтабельнасць. Студэнты-платнікі сябе аплочваюць і даюць універсітэту прыбытак.

Аляксандр Красуцкі: “Згодна з пастановай Мінадукацыі №38 аб вызначэнні кошту навучання, мы разлік робім па фактычных затратах плюс рэнтабельнасць. Дык вось, згодна з пастановай Саўміна, працэнт рэнтабельнасці мусіць быць да 30% для дзяржаўных ВНУ, да 25% - для прыватных. Мы не закладаем 30% рэнтабельнасці, бо вельмі падвысім “столь”, яшчэ вышэй будзе. А закладаем у лепшым выпадку 5-10%. То бок мы і тут не рэалізуемся, а маглі б болей”.

30 % – гэта вельмі вялікая рэнтабельнасць. Такой няма ні ў “Газпрома”, ні ў нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Таму дзіўна, што ВНУ да яе імкнуцца. Старшыня камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч мяркуе, што лічба 30 адсоткаў прыйшла ў адукацыю з гандлю.

Уладзімір Здановіч: “Напэўна, гэтая лічба 30% пайшла ў нас ад крам. Там таксама да 30 % можна ўсталёўваць гандлёвыя надбаўкі. Сістэма вышэйшай адукацыі паступова становіцца на рыначныя рэйкі. Мне не падабаецца, калі адукацыя і гандаль ураўноўваюцца. Я заўсёды казаў, што гандляроў трэба гнаць з храма божага. А ім у нас з’яўляецца адукацыя”.

Спецыялісты гавораць, што існуе такая прапорцыя: чым менш у ВНУ студэнтаў прыходзіцца на аднаго выкладчыка, тым даражэй каштуе навучанне. Але ў Беларусі, як відаць, гэта не дзейнічае. Намеснік дэкана аднаго з рэгіянальных універсітэтаў распавёў Еўрарадыё пра свае ўражанні ад разліку платы за навучанне.

“Плата разлічваецца па “прынцыпе трох п”: падлога, “паталок”, палец. Як захацеў, так і налічыў. Я нядаўна чытаў дакумент Мінадукацыі, там чорным па белым напісана, што сярэднія затраты на навучанне за адзін год складаюць ад 900 да 1200 долараў. А мы сёння ўжо бярэм з платнікаў дзве тысячы долараў. Бо нашы эканамісты, якія выраслі ў СССР, разважаюць так: не пускаць, не даваць, а калі “садраць” – то па поўнай праграме”.

Уладзімір Здановіч займаўся пытаннем аплаты навучання і бачыў усе разлікі. Па яго словах, на студэнта ўскладаюць не толькі затраты на навучанне. Такія “дадатковыя” выдаткі студэнты-платнікі пакрываць не мусяць.

Уладзімір Здановіч: “Калі ўзяць усе выдаткі, якія нясуць ВНУ, і падзяліць толькі на бюджэтнікаў, то атрымаецца кошт вельмі высокі. Я прыйшоў да высновы, што там вельмі шмат артыкулаў, якія не варта было б адносіць на прамыя затраты, звязаныя з навучаннем. Напрыклад, камандзіроўкі выкладчыкаў, камунальныя паслугі, набыццё канцтавараў, мяккага інвентару. Калі ўсё гэта “вешаць” на студэнта-платніка, то, канешне, можна сказаць, што ён не даплачвае. А калі паглядзець прамыя выдаткі, звязаныя з выплатай заробку выкладчыкам і задзейнічанне неабходных матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, якія ідуць на навучанне, то платнік аплочвае сябе. І яшчэ дапамагае ВНУ набываць усё неабходнае”.

Аднак Мінадукацыі агучвае свае лічбы: на 1 верасня сярэдні кошт навучання для платнікаў – 1.014 долараў, а рэальныя затраты складаюць нібыта 1.736 долараў. Да прыкладу, на факультэце міжнародных адносін БДУ, на спецыяльнасці “Міжнародныя адносіны” аплата складае 3362400 рублёў, гэта прыкладна 1570 долараў. А тыя ж кітайцы плацяць 2670 долараў. Розніца – амаль тысяча долараў. Таму можа так атрымацца, што беларускія студэнты будуць плаціць за навучанне ў роднай ВНУ, як кітайцы.

На думку дэпутата, павялічваць свой бюджэт універсітэты мусяць за кошт скарачэння сваіх жа выдаткаў. Тым больш, што дзяржава цяпер на ўсім эканоміць.

Уладзімір Здановіч: “Калі б ВНУ паглядзелі, дзе ў сябе скараціць выдаткі, я ўпэўнены – плату падымаць не трэба было б. Тым больш у нас цяпер працуе Дырэктыва №3, і мы патрабуем ад кожнага чалавека эканоміць і газ, і энергію, і усё на свеце. Напэўна, такія ж патрабаванні трэба прад’яўляць і да ВНУ – каб яны эканомілі і шукалі рэзервы ў сябе, а не за кошт студэнтаў-платнікаў”.

Больш таго, па разліках Здановіча, студэнты-платнікі “дарагіх” гуманітарных спецыяльнасцей акупляюць існаванне таннейшых тэхнічных спецыяльнасцей. Бо калі там падняць аплату, студэнты туды не стануць паступаць. А на многія прэстыжныя спецыяльнасці плата завышаная, бо на іх існуе вялікі попыт.

Калі ж ВНУ падымуць планку платы за навучанне занадта высока, на думку дэпутата, затым давядзецца рабіць зніжкі. Бо некаму будзе вучыцца.

Уладзімір Здановіч: “Я думаю, што цяпер яны павысяць кошты, потым яшчэ раз-два. Але калі пабачаць, што “адток” будзе студэнтаў, і пачнуць губляць, то цалкам верагодна, што адбудзецца і зваротнае зніжэнне коштаў”.

Калі кошты навучання падвысяцца, выпускнікам, якія збеглі ад абавязковага размеркавання, таксама прыйдзецца вяртаць ВНУ больш грошай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі