Стваральнікі школьных праграм — пра змены ў беларускай мове і літаратуры

Стваральнікі школьных праграм — пра змены ў беларускай мове і літаратуры

Намесніца начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова паведаміла, што школьныя праграмы па ўсіх прадметах дапрацаваныя і зацверджаныя да новага навучальнага года. Да прыкладу, з асноўнай праграмы зніклі некаторыя творы Ніла Гілевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, што выклікала нямала размоў. Абмеркаваць логіку змен мы запрасілі ў студыю навуковую супрацоўніцу лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Інгу Пінголь ды намесніцу дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце Вольгу Зелянко.

Еўрарадыё: Як фармуюцца спісы тых аўтараў, якіх літаратараў чытаць, чытаць і абмяркоўваць, ці толькі ў выглядзе дадатковага чытання?

Інга Пінголь: Над праграмай працуе адмыслова створаная рабочая група. Гэта не толькі супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, але і навукоўцы, метадысты, практыкі, лепшыя выкладчыкі ВНУ, лепшыя настаўнікі. Пасля чаго прапановы праходзяць рэцэнзаванне навукова-метадычным саветам Міністэрства адукацыі. То бок гэта калектыўная праца, а не рашэнне аднаго-двух чалавек, і яна адлюстроўвае мэты і задачы, акрэсленыя ў канцэпцыі вучэбнага прадмета.

Еўрарадыё: Дык а якія гэтыя мэты і задачы, што павінна застацца ў дзіцяці пасля выпуску са школы?

Інга Пінголь: Павінна застацца разуменне таго, што беларуская літаратура — феномен нацыянальнай культуры. Што гэта вартая літаратура. Што беларуская зямля нарадзіла вялікіх творцаў, якія праслаўлялі і праслаўляюць нашу зямлю. Выпускнік павінен усведамляць літаратуру, як мастацтва слова.

Еўрарадыё: Як выбіраюцца творы, па якіх крытэрыях? Чаму адзін твор падыходзіць для навучання дзіцяці, а іншы — не?

Інга Пінголь: Сябры працоўных груп перачытваюць творы літаратуры, абмяркоўваюць іх адпаведнасць узросту вучняў, мэтам і задачам літаратурнай адукацыі. Акрамя таго, да нас прыходзяць звароты ад розных людзей з просьбай уключыць той ці іншы твор у вучэбную праграму. Гэтыя звароты таксама абмяркоўваюцца.

Еўрарадыё: Вось вы сказалі, што перачытваеце творы, а што апошняе вы чыталі?

Інга Пінголь: На дадзены момант я чытаю “Афганскую шкатулку” Андрэя Федарэнкі. Гэты твор ёсць у праграме ў спісе для дадатковага чытання.

Еўрарадыё: Давайце больш канкрэтна па зменах у праграме па беларускай літаратуры…

Інга Пінголь: Цяперашняя карэкціроўка была выкліканая тым, што Міністэрства адукацыі паставіла задачу зменшыць нагрузку на вучняў. Таму рабочая група прыйшла да высновы, што будзе мэтазгодным нязначна паменшыць колькасць твораў, якія падрабязна вывучаюцца на ўроках літаратуры, то бок тэкстуальна.

Еўрарадыё: Вось, дарэчы, што такое тэкстуальнае вывучэнне?

Інга Пінголь: Некалькі гадоў таму ў праграме былі тры спісы твораў. Творы, якія вывучаліся тэкстуальна, — для чытання і вывучэння. То бок творы, вывучэнне якіх прадугледжвае этапы чытання, першаснага ўспрымання, аналізу, інтэрпрэтацыі. Па гэтых творах прапаноўваюцца самыя розныя вусныя і пісьмовыя заданні.

Творы для чытання і абмеркавання, у якіх разглядаўся пэўны аспект, напрыклад, чым гэты твор сугучны твору, які вывучаўся тэкстуальна.

Творы для дадатковага чытання.

Цяпер у праграме засталіся два спісы твораў: для тэкстуальнага вывучэння і дадатковага чытання. Калі больш падрабязна па зменах у праграме, то ў пятым класе цяпер твор Янкі Купалы “Як у казцы” перанесены ў спіс для дадатковага чытання, бо менавіта пяцікласнікам ён складаны для ўспрымання. Але гэта не значыць, што ён не будзе прачытаны. Бо праграмай прадугледжаныя асобныя гадзіны, прысвечаныя творам для дадатковага чытання. І настаўнік, ведаючы сваіх вучняў, ведаючы канкрэтную адукацыйную сітуацыю ў класе, можа вырашыць, ці прысвячаць урок менавіта гэтаму твору.

Еўрарадыё: Напрыклад, верш “Бацьку” Рыгора Барадуліна прыбіраецца з праграмы 6 класа і будзе вывучацца ў межах манаграфічнай тэмы “Рыгор Барадулін” у 11-м класе. Гэта значыць, што ўсе творы славутага паэта цяпер пераносяцца ў 11-ы клас?

Стваральнікі школьных праграм — пра змены ў беларускай мове і літаратуры

Інга Пінголь: Не. Тут гаворка вядзецца пра канкрэтны верш “Бацьку”. Але ў 5, 7, 8 класах творы Рыгора Барадуліна прадстаўленыя, як і раней. А “Бацьку” будуць вывучаць разам з іншымі творамі паэта, калі вучні 11 класа будуць асэнсоўваць феномен Рыгора Барадуліна як паэта, разглядаць яго жыццёвы і творчы шлях — гэта і ёсць манаграфічнае вывучэнне.

 

Еўрарадыё: Таксама мы звярнулі ўвагу на тое, што ў 9-м класе не будуць вывучацца творы Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага і Кастуся Каліноўскага. Цяпер іх увогуле няма ў праграмах?

Інга Пінголь: Праграма для 9 класа карэктавалася і спрашчалася. Але названыя вамі аўтары будуць вывучацца. Напрыклад, творы Кірылы Тураўскага будуць вывучацца ў межах літаратуры эпохі Сярэднявечча. На іх прыкладзе будзе паказвацца адметнасць літаратуры таго часу. Прадмовы Буднага і Цяпінскага не будуць вывучацца тэкстуальна, але будуць чытацца. Будзе вывучацца той плён, тая роля, якую выканалі Васіль Цяпінскі і Сымон Будны ў развіцці беларускай літаратуры і працягу традыцый першадрукара Францыска Скарыны. А творы Кастуся Каліноўскага будуць разглядацца ў межах тэмы “Літаратура рэалізму” як узор публіцыстычнай літаратуры.

Праграма 9 класа была вельмі перагружаная вялікай колькасцю твораў, складаных для ўспрымання дзевяцікласнікамі. То бок, у нас стаяла задача з аднаго боку, паменшыць нагрузку на вучня, а з іншага — паказаць развіццё беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя.

Еўрарадыё: І адно з гучных знікненняў з праграмы — “Родныя дзеці” Ніла Гілевіча.

Інга Пінголь: У 11-м класе беларуская літаратура, як і іншыя прадметы, можа вывучацца як на базавым, так і на павышаным узроўнях. Базавы ўзровень вывучэння прадмета — 53 гадзіны на год. Твор Ніла Гілевіча на базавым узроўні пераведзены ў спіс для дадатковага чытання, бо ён вялікі па аб’ёме. Тэкстуальна на творчасць Ніла Гілевіча адведзеныя дзве гадзіны. Вывучаюцца яго вершы, напрыклад, “Край мой беларускі, край”, “Страціў слова, страціў спадчыннае слова” і іншыя. Але калі настаўнік палічыць, што для яго вучняў на базавым узроўні для цэласнай карціны патрэбна прачытаць і раман у вершах “Родныя дзеці”, то ён можа ўзяць гадзіну, адведзеную для дадатковага чытання, і прысвяціць яе гэтаму твору Ніла Гілевіча. На павышаным узроўні “Родныя дзеці” вывучаюцца тэкстуальна.

Глядзіце, якая ў нас атрымліваецца сітуацыя. З аднаго боку, мы маем вялікую колькасць шыкоўных твораў, і хацелася б, каб вучні не толькі іх прачыталі, але і асэнсавалі, знайшлі важнае для сябе. З іншага — невялікая колькасць гадзін, якая адведзеная тыпавым вучэбным планам. Мы гэта вельмі доўга абмяркоўвалі, спрачаліся і прыйшлі да высновы, што будзе больш мэтазгодна прачытаць меншы аб’ём тэкстаў, але прачытаць іх уважліва і ўдумліва.

Яшчэ хацела б дадаць, што праграма па літаратуры накіраваная на тое, каб выпрацаваць у вучня ўменне разумець мастацкае слова, “расшыфроўваць” мастацкія вобразы, выходзіць на разуменне аўтарскай канцэпцыі чалавека і свету. Калі вучань будзе валодаць гэтымі ўменнямі, то ён зможа, самастойна звярнуўшыся да твора, убачыць важнае ў ім. Нам падаецца, такі падыход значна больш плённы, чым чытаць “Родныя дзеці” ці іншы вялікі твор у кароткім змесце.

Еўрарадыё: То бок мы тут у трэндзе. Моладзь чытае меней, а мы іх і не прымушаем…

Інга Пінголь: Справа ў тым, што на ўроках настаўнік рэкамендуе звярнуцца да тых ці іншых твораў. Таму я хачу падкрэсліць важную ролю настаўніка ў гэтай справе.

Еўрарадыё: Але мы ж з вамі разумеем, што, калі настаўніку даецца выбар, то ён пойдзе па шляху найменшага супраціўлення.

Інга Пінголь: Але, разумееце, вельмі цяжка ўлічыць усе мажлівыя сітуацыі, бо праграма адна для ўсёй краіны. А вучні вельмі розныя. Адна справа – ліцэй ці гімназія ў Мінску, а іншая — малакамплектная вясковая школа. Менавіта таму ў настаўніка ёсць права выбару.

Еўрарадыё: А наколькі аб’ём таго, што трэба прачытаць вучню па беларускай літаратуры, адпавядае аб’ёму па рускай ці замежнай літаратуры?

Інга Пінголь: Колькасць гадзін аднолькавая. А колькасць старонак, якія чытаюцца на ўроках рускай і беларускай літаратуры, мы не падлічвалі. Тут варта дадаць, што мы праводзілі сумеснае пасяджэнне рабочых груп і пэўныя пазіцыі ўзгаднялі. Напрыклад, вывучэнне творчасці нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. У беларускай літаратуры ў межах тэмы “Сучасная проза” мы прапануем на выбар настаўніка звярнуцца да твора Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову “У вайны не жаночае аблічча”. У рускай літаратуры зноў жа на выбар настаўніка прапануюцца “Цынкавыя хлопчыкі”.

Еўрарадыё: То бок час для вывучэння Святланы Алексіевіч у абавязковай праграме яшчэ не надышоў? Не адрэагавалі вы на Нобелеўскую прэмію?

Інга Пінголь: Уся сучасная літаратура ― і паэзія, і проза, і драматургія ― даецца на выбар настаўніка. Яшчэ раз паўтаруся, што настаўнік лепш за нас ведае сваіх вучняў, ведае іх чытацкія прыхільнасці, і ў адпаведнасці з гэтым выбірае творы з тых, што рэкамендаваныя праграмай.

Еўрарадыё: У зменах, якія адбыліся, у спіс сучаснай літаратуры дадаўся твор “Гетман-кларнет” на службе ў муз” Алеся Марціновіча. Але нас цікавіць не тая сучасная літаратура, якая была напісаная дзесяць-дваццаць гадоў таму. А год-два таму. Наколькі хутка рэагуе праграма на выхад новых твораў?

Інга Пінголь: Справа ў тым, што ўключэнне літаратурнага твора ў вучэбную праграму павінна адпавядаць яшчэ такому крытэрыю, як навуковасць. Мы можам прапанаваць вучням толькі тыя творы, якія прайшлі адпаведнае навуковае, літаратуразнаўчае асэнсаванне.

Еўрарадыё: А што гэта такое “навуковае, літаратуразнаўчае асэнсаванне”?

Інга Пінголь: Мусіць быць пэўная колькасць крытычных артыкулаў, прысвечаных пэўнаму твору.

Еўрарадыё: Ну, з гэтым у нас бяда. У нас і крытыкаў адзін-два на ўсю краіну.

Інга Пінголь: Калі сярод літаратурных крытыкаў і навукоўцаў няма згоды ў ацэнцы не толькі ідэйнага зместу, але і мастацкіх вартасцяў твора, то наўрад ці мы можам прапанаваць такі твор вучню, у якога не да канца сфармаваныя крытэрыі мастацкасці. Гэта з аднаго боку. З іншага боку — многія творы беларускай найноўшай літаратуры, і не толькі беларускай, насычаныя лексікай, якая не адпавядае задачам маральна-этычнага выхавання. У многіх творах прысутнічаюць сцэны жорсткасці, якія таксама мы не можам прапанаваць для разгляду ў школе.

Я вяду да таго, што для тэкстуальнага вывучэння ў межах тэмы “Сучасная беларуская літаратура” мы прапануем настаўнікам на выбар творы, якія выйшлі пэўны час таму, час дастатковы для таго, каб літаратуразнаўцы і навукоўцы-метадысты паспелі яго прааналізаваць.

Еўрарадыё: А якім годам датуецца самы свежы твор праграмы “Сучасная беларуская літаратура”?

Інга Пінголь: У літаратуразнаўстве на дадзены момант няма дакладнага вызначэння, які перыяд адносіцца да сучаснай беларускай літаратуры. У праграме пазначаная сучасная літаратура з сярэдзіны 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Самы свежы твор, напрыклад, той жа “Гетман-кларнет” на службе ў муз”” Алеся Марціновіча. Але сярод пераліку персаналіяў літаратуры адзначана “і іншыя”. На ўроку гаспадар настаўнік, і толькі настаўнік ведае сваіх вучняў і ведае, які літаратурны твор дапаможа найпаўней рэалізаваць задачы, якія стаяць перад навучаннем літаратуры.

Еўрарадыё: У свой час у гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа не было дзялення на беларускую, рускую ды сусветную літаратуры. А быў адзіны курс “Літаратура”. Гэта дазваляла разумець беларускую літаратуру не як нешта асобнае, а ў кантэксце сусветнай літаратуры. Дык, можа, варта і ў школах аб’яднаць гэтыя прадметы?

Інга Пінголь: Ідэя цікавая, тым не менш, і беларуская, і руская літаратура вывучаюцца ў кантэксце сусветнай літаратуры. Але мы можам прапанаваць рабочай групе абмеркаваць гэтую ідэю. Але мне падаецца, што яна можа быць рэалізаваная толькі на павышаным узроўні ў 10-11 класах.

Еўрарадыё: І да беларускай мовы давайце пяройдзем. Вольга Зелянко пракаментуе змены ў гэтай навучальнай праграме. Дык ці ёсць нейкія істотныя новаўвядзенні?

Вольга Зелянко: Змены нязначныя. Некаторыя тэмы пераведзеныя на ўзровень азнаямлення. Гэта значыць, што тэма вывучаецца, але кантроль ведаў, уменняў і навыкаў па гэтай тэме не ажыццяўляецца. Напрыклад, тэма “Разрады часціц”. Настаўнік знаёміць з разрадамі часціц, але патрабаваць ад вучня адрозніваць часціцы аднаго разраду ад іншага ён ужо не будзе. Ацэньваць гэтае ўменне ён таксама не будзе. Бо гэтае ўменне чыста лінгвістычнае, яно не ўплывае на маўленчую дзейнасць чалавека. Але цяпер у нас з’явілася магчымасць больш увагі надаць развіццю і ўдасканаленню практычнай маўленчай дзейнасці вучняў. Напрыклад, мы будзем займацца ўдасканальваннем уменняў ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў, жанраў маўлення. Гэта сучаснаму чалавеку больш спатрэбіцца ў жыцці, чым уменне вызначаць тыя ж разрады часціц.

Еўрарадыё: Мы даволі часта сутыкаемся з сітуацыяй, калі людзі не разумеюць беларускай мовы. Але яны вучыліся ў беларускай школе. Дык, можа, у школьнай праграме недастаткова вучэбных гадзін беларускай мовы?

Стваральнікі школьных праграм — пра змены ў беларускай мове і літаратуры

Вольга Зелянко: У 5-6 класах па тры гадзіны на тыдзень. Пачынаючы з 7 класа — па дзве гадзіны на тыдзень. А ў 10-11 класах на базавым узроўні навучання адна гадзіна на тыдзень, на павышаным — тры гадзіны. Мы знаходзімся ў абсалютна роўных умовах з рускай мовай, там сітуацыя такая ж. Калі нам настаўнікі кажуць, што ім не хапае гадзін, то мы прапануем ім назваць той прадмет, з якога яны б забралі гадзіны на вывучэнне мовы, і пры гэтым настаўнікі, якія выкладаюць той прадмет, не былі б супраць.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што падыход да вывучэння беларускай мовы ў нас такі ж, як і да замежнай. Прынамсі, у буйных гарадах пасля школы не чуваць, каб размаўлялі на сакавітай беларускай мове.

Вольга Зелянко: Сёння ў навучанні беларускай мове адным з асноўных падыходаў з’яўляецца камунікатыўна-дзейнасны, які скіроўвае на тое, каб вучні авалодалі беларускай мовай як сродкам зносін не толькі ў класе ці школе, але і па-за ўрокамі. Мы прапаноўваем разнастайныя заданні, якія акурат і скіроўваюць вучняў на карыстанне мовай у паўсядзённым жыцці. У прыватнасці, у праграме прапісаны такі від вучэбнай дзейнасці, як падрыхтоўка віншавальнага прывітання. Думаю, што кожны сутыкаўся з сітуацыяй, калі трэба павіншаваць чалавека прыгожа, шчыра, але слоў не хапае. Цяпер мы гэтаму вучым.

Таксама мы паказваем вучням месца беларускай мовы на моўнай карце свету. Вучні сёння добра валодаюць замежнымі мовамі, і мы паказваем ім, як адны і тыя ж прадметы ці з’явы па-рознаму называюцца ў розных мовах, што гэта сведчыць, як людзі па-рознаму ўспрымаюць навакольны свет.

Еўрарадыё: І ўсё ж, ці ставіцца ў навучанні беларускай мове мэта пераключыць тумблер у вучняў, каб яны не саромеліся карыстацца беларускай мовай?

Вольга Зелянко: Безумоўна. Мы ставім задачу не навучыць мове, а авалодаць мовай. А гэта значыць, умець карыстацца мовай ва ўсіх сферах яе функцыянавання. Акрамя таго, ставіцца задача сфармаваць у вучня каштоўнаснае стаўленне да роднай мовы. Магу працытаваць тлумачальную запіску да вучэбнай праграмы па беларускай мове: “Усведамленне вучнямі мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні”. Мы стараемся рэалізаваць лінгвакультуралагічны падыход да навучання беларускай мове, які акурат і накіраваны на выпрацоўку каштоўнаснага стаўлення да беларускай мовы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі