Суд адхіліў скаргу журналіста Быкоўскага на затрыманне
Журналіст Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі абскарджваў у судзе Партызанскага раёна сваё затрыманне па гучнай "справе БелТА". Пасяджэнне суда адбывалася ў закрытым рэжыме.
Быкоўскага затрымалі 8 жніўня. Дома ў яго адбыўся ператрус. Следчыя забралі ўсю аргтэхніку, а таксама банкаўскія карткі і тэлефоны. На волю журналіста выпусцілі толькі 10 жніўня. Ён праходзіць падазраваным у тым, што атрымліваў незаконны доступ да платнай падпіскі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.
Скаргу на затрыманне падаў адвакат Яўген Пыльчанка, калі журналіст яшчэ быў затрыманы.
Быкоўскі: "Я нічога не абскарджваў. Мой адвакат Яўген Пыльчанка на маю карысць абскарджваў законнасць майго затрымання. Ён напісаў скаргу тады, калі я знаходзіўся ў ізалятары. На сёння быў прызначаны разгляд суда, але я ў пятніцу ўжо быў вызвалены. Адбыўся суд. Ён быў у закрытым рэжыме, і я не магу паведамляць дэталі з залы суда. Рашэнне суда: скаргу адхіліць".
Журналіст мяркуе абскарджваць гэтую адмову надалей.