Суд над Віталём Каўшом працягнецца на наступным тыдні

Паўторны разгляд справы Віталя Каўша пачаў Брэсцкі раённы суд. Суддзя разгледзеў матэрыялы следства, заслухаў бок абвінавачання, сведкаў абароны. Ён задаволіў хадайніцтва аб выкліканні новых сведкаў, у тым ліку і індусаў, якія год таму назад спрабавалі перайсці беларуска-польскую мяжу каля Брэста.


Нагадаем, што 29-гадовы грамадскі актывіст знаходзіцца за кратамі з верасня мінулага года. Каўша вінавацяць у тым, быццам ён летась у траўні арганізаваў праход над мяжой па канаце групы з васьмі індусаў. Першапачатковы прысуд — чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.


Між тым падчас працэсу ўскрылася шмат памылак і несупадзенняў у матэрыялах следства. Акрамя таго, двое індусаў мінулай восенню распаўсюдзілі ў сеціве ролік, на якім засведчылі, што ў Брэсце іх змушалі да паклёпу на незнаёмых ім людзей.


Ранейшы склад суда адмаўляўся выклікаць замежнікаў, матывуючы гэта тым, што іх тут адразу пасадзяць у турму, а таксама іх грашовымі выдаткамі на прыезд у Беларусь.


Наступнае паседжанне суда прызначанае на 14 чэрвеня, пачатак а 10-й гадзіне.
 

Фота — Еўрарадыё, svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі