Суд не прыняў да разгляду справу гомельскага блогера Філіповіча
![Суд не прыняў да разгляду справу гомельскага блогера Філіповіча](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/33b3c8df-dd84-4eae-adb5-f91a9c3ae383_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg.webp?itok=yx5umSfs)
17 ролікаў з канала Максіма Філіповіча ў Youtube і жывыя трансляцыі ў сацыяльных сетках сталі падставай для складання на гомельскага блогера пратакола і распачатай адміністрацыйнай справы ў дачыненні да яго. Але суд адмовіўся разглядаць матэрыялы справы. Пра гэта сам “абвінавачаны Філіповіч” даведаўся выпадкова.
Філіповіч: “Я чакаў-чакаў, але ні папер ніякіх, ні ліста з суда ― нічога няма. Ехаў учора дахаты і па дарозе вырашыў сам заехаць у суд, у канцылярыю. Там пацікавіўся, як мне можна даведацца, калі ў мяне суд? Яны нават пашпарт у мяне не бралі: жанчына паглядзела і кажа: “Вы ж Філіповіч? Ваша справа накіраваная на дапрацоўку”.
Па словах Філіповіча, юрысты і праваабаронцы кажуць, што такім чынам справа супраць яго будзе “замятая”. Аднак ён сам на гэта не асабліва разлічвае. Кажа, што мясцовыя ўлады моцна на яго злыя і наўрад ці адмовяцца ад жадання стварыць яму непрыемнасці.
Нагадаем, гомельскага блогера Максіма Філіповіча мясцовыя міліцыянеры абвінавацілі ў тым, што "з улікам росту папулярнасці свайго тэлеканала Філіповіч Максім Генадзевіч фактычна падмяняе сабой дзяржаўнае СМІ. У тым ліку, па фармаванні грамадскага меркавання сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь". Яны фактычна сцвярджаюць, што Youtube ― гэта сродак масавай інфармацыі, а блогер Філіповіч ― журналіст гэтага СМІ.