Суд не задаволіў пазоў да Мінгарвыканкама з нагоды Дня Волі
Суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў аднаму з былых заяўнікаў акцыі на Дзень Волі Дзянісу Садоўскаму ў яго скарзе на дзеянні чыноўнікаў Мінгарвыканкама, піша партал tut.by. Садоўскі патрабаваў прызнаць парушэннем закона тое, што Мінгарвыканкам своечасова не даў адказ,дазволеная ці недазволеная акцыя на 25 сакавіка.
Нагадаем, Мінгарвыканкам не даў адказ ні 20 сакавіка — у вызначаны законам пяцідзённы тэрмін, ні ў наступныя дні. 23 сакавіка большасць заяўнікаў зняла свае подпісы пад заяўкай. І толькі 24 сакавіка чыноўнікі далі адказ апошняму заяўніку. Насуперак заяўцы ўлады дазволілі толькі збор на плошчы Бангалор. У выніку несанкцыянаваная акцыя адбылася ў цэнтры горада. Больш за 700 чалавек былі затрыманыя, каля 150 атрымалі штрафы і "суткі".
За гарадскія ўлады ў судзе выступаў начальнік аддзела грамадска-масавай работы Мінгарвыканкама Юрый Уральскі. Ён паведаміў, што заяўнікі падалі заведама недазволены маршрут. Таксама, па яго словах, арганізатары анансавалі акцыю да яе дазволу і рабілі "правакацыйныя заявы", што правядуць акцыю незалежна ад дазволу. Уральскі дадў, што "Дата адказу на сутнасць прынятага рашэння не паўплывала".
Калі ў судзе ў чыноўніка спыталіся, ці мусіў гарвыканкам даць адказ 20 сакавіка, ён паведаміў: "Я не магу лічыць, ёсць закон". Сам ён падлічваць крайні тэрмін адказу адмовіўся.
Садоўскі прапаноўваў падлічыць законныя пяць дзён ад 25 сакавіка на пальцах. Аднак Уральскі і пасля гэтага казаў: "Не гатовы даць адказ".
У выніку суддзя Алена Рудніцкая адмовіла ў задавальненні скаргі: "Адказ ад 24 сакавіка быў прыняты Мінгарвыканкамам у межах сваёй кампетэнцыі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам".