Суд па справе жанчыны, якая залезла на кран, перапынены
Слуханні ў судзе Цэнтральнага раёна па справе Галіны Ігнатовіч, якая ў знак пратэсту супраць высялення залезла на пад’ёмны кран, перапыненыя. Такое рашэнне на папярэднім слуханні агучыў суддзя.
Галіна Ігнатовіч задаволеная такім рашэннем і чакае вынікаў ад пракурорскай праверкі. Суд можа працягунцца праз два месяцы. Пра гэта распавёў адвакат Павел Іванюшаў.
Павел Іванюшаў: “Мы лічым, што тое рашэнне суда адменяць і будзе новы разгляд па рашэнні суда аб высяленні сям’і Ігнатовічаў”.
Падчас суда высветлілася яшчэ адна падрабязнасць, цяперашняя жонка былога мужа Галіны Ігнатовіч прыходзіцца ёй пляменніцай. Пра гэта заявіў прадстаўнік кампаніі “Тапас” Тарас Тугарынаў. Гэта пацвердзіла Галіна Ігнатовіч. Па словах Галіны, гэта ніяк не ўплывае ні на яе, ні на долю былога мужа ў доме, які хоча знесці кампанія “Тапас”.
Справа сям'і Ігнатовічаў ідзе ўжо тры гады. Іх дом знаходзіцца на тэрыторыі, дзе кампанія "Тапас" будуе жыллёвы комплекс "Алімпік-парк". Ігнатовічы незадаволеныя, што кампанія-забудоўшчык прапанавала агульную кватэру Галіне Ігнатовіч, яе былому мужу і яго новай жонцы. 31 студзеня Галіна ў знак пратэсту залезла на вежавы кран і патрабавала сустрэчы з кіраўніком Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам.