Суд падтрымаў мінскіх ідэолагаў, якія забаранілі канцэрт Алеся Дзянісава
Эканамічны суд Мінска адмовіў Сяргею Будкіну, які аспрэчваў рашэнне галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінгарвыканкаму. Сталічныя ідэолагі адмовіліся даць дазвол на канцэрт Алеся Дзянісава, спаслаўшыся на "нізкі мастацкі ўзровень выканання". Пра гэта Будкін паведаміў у сацсетках.
Як распавядала Еўрарадыё, канцэрт мусіў адбыцца 16 верасня. Дзянісаў падрыхтаваў канцэртную праграму "Кароткая гісторыя Беларусі" на вершы сляпога паэта са Скідзеля Алеся Чобата. У арганізатара канцэрта Будкіна чыноўнікі папрасілі тэксты песень і на аснове іх вынеслі сваё рашэнне — без праслухоўвання самога выканаўцы. Рашэнне нібыта прымаў мастацкі савет
Будкін спрабаваў праз суд аспрэчыць рашэнне гэтага мастацкага савета. Ён хацеў даведацца, хто ўваходзіў у гэты савет і на чым грунтавалася адмова ў канцэрце.
Аднак суддзя Аліна Драбудзька палічыла, што чыноўнікі Мінгарвыканкама далі абгрунтаваны адказ і не абавязаныя тлумачыць прычыны адмовы і склад мастацкага савета.
Дарэчы, суд праходзіў у адсутнасць Будкіна.