Суддзі абразіліся на заявы, якія брастаўчанін падаваў у... суд
Кобрынскі суд прысудзіў палітвязню Віталю Зарадзею два гады калоніі за абразу сямі суддзяў і Аляксандра Лукашэнкі, паведамляюць праваабаронцы Вясны". Дзяржабвінавачанне прадстаўляў Аляксандр Шыкавецкі, працэс вёў суддзя Вадзім Здановіч.
Як заявіў бок абвінавачання, Зарадзей падаваў у канцылярыі судоў іскавыя заявы, дзе дапускаў "негатыўную ацэнку" (як мяркуе экспертыза) у дачыненні да суддзяў і Лукашэнкі. Пазовы мужчына адносіў у Брэсцкі Дом правасуддзя 28 верасня, 15 і 30 кастрычніка, 7 і 17 снежня 2020 года, а таксама 14 студзеня і 9 сакавіка 2021-га.
Пацярпелымі па справе сталі наступныя суддзі: Аляксей Карагода, Пётр Баброўскі, Таццяна Пракапчук, Анастасія Бразінская, Андрэй Грушко, Алена Кавальчук і Алена Карпава.
На суд ніхто з абражаных не з'явіўся. Абразы на працэсе таксама агучаныя не былі: гэтую частку пасяджэння зрабілі закрытай.
Зарадзей, якога з 29 сакавіка трымаюць пад вартай сваю віну не прызнаў.
На працэсе пракурор, як пішуць праваабаронцы, заявіў, што ў брастаўчаніна ёсць абцяжваючая акалічнасць — непагашаная судзімасць. Аднак Зарадзея судзілі ўпершыню. Высветлілася, што пракурор назваў гэтай абцяжваючай акалічнасцю першую з заяваў, за якую Зарадзея акурат судзілі.
Суддзя Здановіч прызнаў Зарадзея вінаватым. Ён асудзіў брастаўчаніна па складанні пакаранняў на два гады калоніі агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.