Суддзя спытаў, ці брала віцяблянка дазвол на пікет на сваёй лоджыі

Суддзя спытаў, ці брала віцяблянка дазвол на пікет на сваёй лоджыі

Суд Першамайскага раёна Віцебска 30 верасня аштрафаваў Таццяну Севярынец вінаватай у незаконным масавым мерапрыемстве, піша "Віцебская вясна". Прысуд вынес Міхаіл Юрчанка.

30 жніўня Таццяна і Канстанцін Севярынцы разам з Аленай Янушкоўскай з лоджыі сваёй кватэры на восьмым паверсе віталі калону салідарнасці, махаючы бел-чырвона-белым сцягам. 

У пратаколе было пазначана, што Таццяна Севярынец "знаходзілася ў грамадскім месцы — на лоджыі ў сваёй кватэры — і на вачах у іншых грамадзян брала актыўны ўдзел у пікетаванні: выказвала грамадска-палітычныя інтарэсы з выкарыстаннем бел-чырвона-белага палотнішча, звяртала на сябе ўвагу мінакоў, дэманстравала жэсты рукамі".

Суддзя запытаўся, ці брала віцяблянка дазвол у адміністрацыі на правядзенне масавага мерапрыемства. Гэтае пытанне ў прысутных на судзе выклікала смех, а сама Севярынец абурылася: "Як гэта зразумець? Што грамадскае месца — гэта мая кватэра? Я мусіла бегчы ў адміністрацыю Першамайскага раёна і прасіць дазволу выйсьці на лоджыю? Якое можа быць пікетаваньне ва ўласнай кватэры?".

Тым не менш суддзя аштрафаваў Таццяну Севярынец на 675 рублёў (25 базавых велічыняў). Яе мужу Канстанціну суд вынес папярэджанне, бо для для яго гэта была першая за год адміністрацыйная справа.

Алену Янушкоўскую, якая была разам з імі, за "пікет на гаўбцы" ўжо аштрафавалі на 945 рублёў некалькі тыдняў таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі