Супраць дырэктара і заснавальніка "Медыя-Палессе" пачалі крымінальную справу
Сайт "Медыя-Палессе" заблакаваны ў Беларусі з верасня 2021 года / media-polesye.by
Супраць дырэктара і заснавальніка незалежнага партала "Медыя-Палессе" ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 424 КК РБ (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі), паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
Як расказалі ў пракуратуры, падставай зрабіліся вынікі фінансавай праверкі. Правяральнікі прыйшлі да высновы, што кіраўніцтва медыя плаціла некаторым супрацоўнікам "зарплаты ў канвертах" і, адпаведна, не рабіла адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і Белдзяржстрах. У выніку дзяржаве была нанесена "шкода ў суме звыш 10 тысяч рублёў".
Пры гэтым у пракуратуры не хаваюць, што фінансавай праверцы папярэднічалі спробы заклікаць медыя "да выпраўлення сітуацыі" — прымусіць яго выбарачна падаваць інфармацыю.
У прэамбуле да паведамлення пра новую крымінальную справу пракуратура нагадвае, што ўладальніка рэсурсу ў 2020-2021 гадах 4 разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за "публікацыю недакладных звестак, накіраваных на нагнятанне абстаноўкі і фарміраванне ў грамадскасці негатыўнага стаўлення да ўлады, а ў асобных выпадках – экстрэмісцкіх матэрыялаў".
У ліпені 2021 года дома ў галоўнай рэдактаркі Святланы Гарда, а таксама ў ключавых супрацоўнікаў і ў офісе "Медыя-Палесся" прайшлі ператрусы. Офіс партала знаходзіцца ў Лунінцы, ператрусы праходзілі таксама і ў Пінску. У журналістаў забралі сродкі сувязі і носьбіты інфармацыі. А ў верасні 2021 года доступ да сайта быў заблакаваны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.