Супрацоўнікаў адміністрацыі Пуціна папрасілі пазбавіцца ад iPhone

Пазбавіцца ад гаджэтаў Apple расійскія чыноўнікі павінны да 1 красавіка / Reuters
Пазбавіцца ад гаджэтаў Apple расійскія чыноўнікі павінны да 1 красавіка / Reuters

Да канца сакавіка супрацоўнікі ўнутрыпалітычнага блока адміністрацыі Уладзіміра Пуціна павінны пазбавіцца ад iPhone, піша "Коммерсант" са спасылкай на крыніцы ў АП.

"iPhone — усё. Ці выкінуць, ці дзецям аддаць. Гэта за сакавік давядзецца зрабіць усім", — кажа адзін з іх. Патрабаванне да чыноўнікаў давялі на спецыяльным семінары. Спачатку супрацоўнікі нават спрабавалі пярэчыць, але першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Сяргей Кірыенка згарнуў дыскусію. Ён жа вызначыў крайні тэрмін замены гаджэтаў — 1 красавіка.

Крыніцы выдання кажуць, што патрабаванне адмовіцца ад iPhone звязанае з меркаваннямі бяспекі. У Маскве лічаць, што гаджэты Apple ў большай ступені могуць пацярпець ад узлому і шпіянажу з боку заходніх спецыялістаў, чым іншыя смартфоны. Чынонікам з адміністрацыі Пуціна рэкамендавалі купіць тэлефоны з аперацыйнымі сістэмамі Android, яе кітайскімі аналагамі або расійскай "Аўрорай".

Гарантый ад уцечак не дае ніводны смартфон, нагадвае кіраўніца Расійскай асацыяцыі распрацоўшчыкаў праграмных прадуктаў "Айчынны софт" Наталля Касперская. Яе меркаванне таксама прыводзіць "Коммерсант".

"Сучасныя смартфоны ў прынцыпе ўладкованыя як шпіёнскія прылады: яны збіраюць, захоўваюць і агрэгуюць інфармацыю і могуць яе перадаваць у адвольным кірунку. І зразумець, куды прылада перадае звесткі, немагчыма, бо перадае яна іх пакетамі, а што далей з імі адбываецца — карыстальнік адсачыць не можа", — нагадвае Касперская. Паводле яе, расійская аперацыйная сістэма можа знізіць рызыкі, але не выключае іх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі