Сусветны рэйтынг шчасця: Беларусь шчаслівейшая за суседзяў
Першыя месцы ў рэйтынгу займаюць Швейцарыя і Ісландыя. Апошнія – Сірыя, Бурундзі, Тога.
Сетка па выпрацоўцы рашэнняў у галіне ўстойлівага развіцця (SDSN) апублікавала трэці штогадовы сусветны рэйтынг шчасця, які ствараецца пад эгідай ААН.
Першае месца ў рэйтынгу займае Швейцарыя. За ёй — Ісландыя, Данія, Нарвегія, Канада, Фінляндыя. Апошняе, 158-ае месца, займае афрыканская краіна Тога. Крыху вышэй месціцца Бурундзі, Сірыя, Бенін, Руанда, Афганістан.
Беларусь у рэйтынгу займае 59-е месца. Сярод нашых суседзяў “шчаслівейшай” SDSN прызнала толькі Літву (56-е месца). На ніжэйшых пазіцыях месцяцца Польшча (60-е месца), Расія (64-е месца), Латвія (89-е месца), Украіна (111-е месца).
Цікава, што некаторыя “аўтсайдэры” традыцыйных рэйтынгаў узроўняў жыцця ў Сусветным рэйтынгу шчасця займаюць незвычайна высокія пазіцыі. Так напрыклад, Узбекістан месціцца на 44-ым месцы, Малдова — на 52-м.
Падчас складання рэйтынгу эксперты SDSN вывучалі сітуацыю ў 158 краінах. Даследаванне грунтуецца на дадзеных Gallup World Poll і ўлічвае такія фактары, як рэальны ВУП на душу насельніцтва, верагодная працягласць жыцця, узровень карупцыі, сацыяльныя свабоды і інш.
Галоўная мэта стварэння рэйтынгу — уздзеянне на дзяржаўную палітыку.
У дакладзе SDSN адзначаецца, што “усё больш і больш шчасця лічыцца адэкватнай мерай грамадскага прагрэсу і мэтай дзяржаўнай палітыкі. Імкліва расце колькасць нацыянальных і мясцовых органаў улады, якія выкарыстоўваюць паказнік шчасця і вынікі дадзенага даследавання ў пошуках мер па паляпшэнню жыцця людзей”.
Фота: Bymedia