Святар Фёдар Поўны: Акрамя помніка рэпрэсаваным, трэба і музей дасягненняў СССР

 Святар Фёдар Поўны: Акрамя помніка рэпрэсаваным, трэба і музей дасягненняў СССР

Урочышча Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, павінна быць добра аформлена — архітэктурна і ландшафтна. Такое меркаванне выказаў протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель Усіхсвяцкага прыходу сталіцы, у інтэрв'ю тэлеканалу СТВ.

Ён прапанаваў "вызначыць на дзяржаўным і грамадскім узроўні статус гэтай тэрыторыі. Дарэчы, тады спыніцца яе выкарыстанне ў сваіх мэтах рознымі і часта настроенымі супраць улады аб'яднаннямі і групамі. Гэта значыць, спекуляцыя на гэтым месцы, так можна сказаць". На думку Фёдара Поўнага, калі вызначыцца канцэпцыя будучага мемарыяльнага комплексу ці помніка, тады ён атрымае свой сапраўдны сэнс. 

Разам з тым святар заявіў, што тэма палітычных рэпрэсіяў вельмі тонкая, бо ў савецкі час было шмат і дасягненняў. "І кажучы пра адмоўныя моманты, нават пра такую страшную праўду, мы заўсёды павінны бачыць гэты фон. І гэта не апраўданне забойстваў, але гэта два паралельныя працэсы, якія гістарычна ўжо непадзельныя. Такім чынам, узводзячы памятны комплекс ахвярам рэпрэсій, нам трэба мець музей дасягненняў савецкай эпохі. Толькі тады магчымая цэласнасць успрымання і аб'ектыўнасць", — мяркуе Фёдар Поўны.

Як паведамлялася раней, у Курапатах амаль два тыдні стаіць лагер абаронцаў мемарыялу. Яны пратэстуюць супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра ў былой ахоўнай зоне Курапатаў. Фірма-забудоўшчык заявіла, што ў сувязі з пратэстамі спыняе будаўніцтва і паабяцала дапамагчы ўпарадкаваць мемарыял.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі