Святлана Алексіевіч: гэта сумна, але нашыя інтарэсы супалі з Лукашэнкам

Святлана Алексіевіч: гэта сумна, але нашыя інтарэсы супалі з Лукашэнкам

"І апазіцыі, і ўладзе не падабаецца ўласны народ", — такое меркаванне нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч выказала ў гутарцы з карэспандэнткай Радыё "Свабода". 

Пры гэтым, кажа пісьменніца, народ адразу знаходзіцца, калі ўладзе або апазіцы ўдаецца нешта дакладна сфармуляваць. "Значыць, справа ў тым, што ўсе шукаюць новыя сэнсы", — канстатуе яна. 

Пра магчымыя палітычныя змены ў Беларусі Алексіевіч кажа, што хацела б, каб абышлося без рэвалюцыі і грамадзянскай вайны: "Мне не падабаецца аніводная рэвалюцыя, якая была ў гісторыі. Але любая ўлада, пабудаваная на культуры гвалту, па логіцы гэтым і сканчаецца".

Нечакана набеліянтка падтрымала Аляксандра Лукашэнку ў сённяшняй палітычнай сітуацыі: "Я не ведаю, хто б мог супраціўляцца Маскве так, як супраціўляецца Лукашэнка. Такіх моцных лідараў я не знаходжу. Гэта не азначае, што я за Лукашэнку, але супалі нашы інтарэсы і ягоныя інтарэсы. Гэта сумна, але гэта так".

Разам з тым Алексіевіч падкрэслівае, што выступае за дэмакратычную дзяржаву. Аднак узяць на сябе ролю палітычнага лідара яна не гатовая: "Як інтэлектуал я ўяўляю, што трэба рабіць, але ніколі не змагла б стаць палітычным лідарам, бо я не магла б ахвяраваць жыццём аніводнага чалавека, аніводнага дзіцяці. А цяперашнія сыстэмы пабудаваныя на тым, што нават дзіця нічога ня вартае, якая там слязінка".

Яна заклікае не вінаваціць выключна Расію ў палітычных праблемах Беларусі, бо гэта нагадвае пазіцыю дзіцяці, якое азіраецца на бацькоў нават пасля таго, як вырасла. 

"Гэта палітычнае самаапраўданне. Ані ў апазіцыі, ані ва ўладзе не засталося моцных фігур, якія б вырашалі праблемы ці прымушалі ўладу іх вырашаць. Колькі можна прадаваць нашае геамесца? Мы толькі гэтым і займаемся, мы самі вінаватыя ў тым, што ёсць", — канстатуе пісьменніца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі