Святлана Ціханоўская не збіраецца адмяняць мінскі пікет 30 ліпеня

Пікет Святланы Ціханоўскай у Глыбокім
Пікет Святланы Ціханоўскай у Глыбокім

Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская не будзе адмяняць пікет, які павінен прайсці 30 ліпеня ў мінскім парку Дружбы народаў. Штаб Святланы не разглядае такі варыянт, хоць там і асцерагаюцца правакацый з боку сілавікоў.

— Пакуль пра адмену пікета гаворкі не ішло. Мы людзі, якія не хочуць правакацый, хочуць іх пазбегнуць. Больш за тое, мы бачым, як у дачыненні да Сяргея [Ціханоўскага — Еўрарадыё] правакацыя была зробленая гнюсна і тапорна, яе ўсе бачылі, — кажа прэс-сакратар штаба Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна. — Наш заклік на ўсіх мерапрыемствах — у выпадку, калі вы бачыце правакатара, калі нешта пачынае адбывацца, адысці ад яго ўбок і пакінуць яго аднаго. Іншая рэч, што правакацыі, вядома, могуць быць. Мы разумеем што гэта абсалютная рэальнасць у нашай краіне.

У ноч на 29 ліпеня КДБ пры падтрымцы АМАП затрымаў 33 грамадзян Расіі, якіх беларускія дзяржаўныя СМІ прадставілі баевікамі прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнер". Паводле версіі сілавікоў, баевікі прыбылі ў Беларусь "для дэстабілізацыі сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі".

Набліжаны да беларускіх сілавікоў тэлеграм-канал "Желтые СЛИВЫ" ўжо звязаў іх з заўтрашнім пікетам Ціханоўскай: "Цікава, калі ўсходнія аналітыкі ў сваіх тэкстах (ці будуць такія наогул?) складуць два і два і прыйдуць да разумення... каму сапраўды выгадна запрашаць замежных наёмнікаў для аховы "нейкага мерапрыемства"? Дзяржаўныя масавыя мерапрыемствы — усе яны ахоўваюцца міліцыяй, калі што…"

Паводле інфармацыі БЕЛТА, у Беларусь прыбыло больш за 200 баевікоў. Затрыманыя толькі 33 з іх. Астатнія 170 байцоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі, па версіі беларускіх сілавікоў, яшчэ на свабодзе. У сувязі з гіпатэтычнай пагрозай правакацыяў на адмене масавых мерапрыемстваў нібыта дзеля бяспекі грамадзян могуць настаяць гарадскія ўлады.

На дадзены момант высветленыя асобы 33 расійскіх наёмнікаў. Некаторыя з іх, паводле дадзеных украінскай базы "Міратворац", бралі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі так званых "ДНР" і "ЛНР".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі