Святлана Ціханоўская правяла першую прэс-канферэнцыю
17 ліпеня Святлана Ціханоўская правяла першую прэс-канферэнцыю. Разам з кандыдатам у прэзідэнты ў ёй паўдзельнічалі Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава. Напярэдадні было аб'яўлена пра аб'яднанне штабоў Ціханоўскай, Цапкалы і Бабарыкі. На прэс-канферэнцыі былі зноў агучаны іх асноўныя прынцыпы.
"Толькі разам мы можам пабудаваць краіну для жыцця", — сказала Ціханоўская. Яна заклікала ўсіх аб'ядноўвацца. Было паведамлена, што кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў падтрымаў іх ініцыятыву, але здымаць сваю кандыдатуру ён не збіраецца.
На прэс-канферэнцыі было расказана пра гісторыю аб'яднання штабоў. 16 ліпеня падчас сустрэчы яны прынялі рашэнне "за 15 хвілін". Па словах Калеснікавай, "гэта быў адзін з планаў", які абмяркоўваўся, калі Віктар Бабарыка яшчэ быў на волі.
"Ад страху я пакуль не пазбавілася і вельмі перажываю за мужа майго...", — прызналася кандыдат у прэзідэнты (Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца за кратамі з 29 траўня). Але яна мае намер прайсці ўсю кампанію да канца, "да перамогі".
Святлана Ціханоўская заявіла, што яе праграма з'явіцца пазней, "пасля кансалідацыі" праграм штабоў.
Ціханоўская ўхілялася ад прамых пытанняў пра тое, ці будзе яна заклікаць да вулічных пратэстаў у выпадку далейшых рэпрэсій ці фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Яна заявіла, што кожны чалавек "будзе вырашаць сам".
Калеснікава: "На працягу 3 тыдняў трэба актывізаваць людзей для выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі. Каб яны прыйшлі на выбары 9 жніўня".
Палітык Валерый Цапкала, якога не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты, будзе ўдзельнічаць у кампаніі Ціханоўскай. А вось чаму сябры "Еўрапейскай Беларусі" сышлі з ліку давераных асоб, Святлана Ціханоўская не ведае (яны супраць заклікаў да людзей прыходзіць 9 жніўня на выбары і расчараваныя, што кандыдат у прэзідэнты не збіраецца здымаць сваю кандыдатуру).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.