Сябра журы “Еўрабачання”: Цікавасць да конкурса падае, яго часы мінулі

Сябра журы “Еўрабачання”: Цікавасць да конкурса падае, яго часы мінулі

30 лістапада Белтэлерадыёкампанія аб’явіла 13 фіналістаў нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне-2017”. Сярод іх збольшага невядомыя артысты. Чаму ў фінал адбору трапіла толькі адна песня на роднай мове, з-за чаго не прапусцілі Клюева, The Superbullz і Варанко і чаму на адборы не было беларускіх топ-зорак, пытаемся ў сябра журы, журналіста і піяршчыка Алены Ланской і Тэа на "Еўрабачанні" і Алексея Гроса на "Славянскім базары" Сяргея Андрыянава.

Найцікавейшыя цытаты з размовы:

— З усіх праслуханых я вызначыў з шэсць выканаўцаў: Аляксандру Ткач, Уладзіслава Курасава, гурт Nuteki, Анжаліку Пушнову, Мікіту Ходаса і Анастасію Шавярэнка. Мне падаецца, што менавіта яны і будуць змагацца 20 студзеня за пуцёўку ў Кіеў. Паколькі ў журы быў не толькі я і ад аднаго мяне нічога не залежала, я задаволены, што гэтыя выканаўцы прайшлі. Але я бачыў у фінале толькі 10 выканаўцаў. Не 13. І не 15. Таму што не было, з каго выбіраць.

— Пры адборы я аўтаматычна пераношу выканаўцу на сцэну "Еўрабачання" і ўяўляю, як ён глядзіцца. Пры гэтым, натуральна, улічваю паўгода, за якія можна дапрацаваць нумар.

— Я не прыхільнік "пропуску ў фінал", як сёлета адбылося, напрыклад, з гуртом Navi. Калі я ішоў на адбор, я быў упэўнены, што яны будуць маімі фаварытамі і фаварытамі журы. Але я расчараваўся ў абранай кампазіцыі: яна цяжкая для ўспрыняцця, няма мінулагодняй лёгкасці. Такое ўражанне, што яны падалі заяўку ад безвыходнасці.

— Я за тое, каб на "Еўрабачанне" нашы музыкі ехалі з песняй на беларускай мове. Сёлета было каля дзесяці кампазіцый на ёй, але прапускаць песню ў фінал, таму што яна спяваецца па-беларуску, не варыянт. Проста не было стыльных, вытрыманых песень на мове. І Navi мусяць разумець, што яны прайшлі ў фінал, таму што яны Navi, а не таму што ў іх добрая песня.

Сябра журы “Еўрабачання”: Цікавасць да конкурса падае, яго часы мінулі
Navi падчас Нацыянальнага адбору

— Калі даведаўся, што Варанко падаў заяўку, я быў вельмі гэтаму рады, таму што ў яго ўжо ёсць легенда, якая будзе на яго ж працаваць. І ў прынцыпе, вобраз — баян, Вадзік Ракета — гэта ўсё гарманічна і прыгожа. Але калі я ўбачыў, з якой кампаніяй Віталь прыйшоў і як выступаў — гэтая кампанія яго і падвяла. Мядзведзь, балалайка асацыююцца не з Беларуссю, а з Расіяй. Ёсць яшчэ спецыфіка, што гэта будзе Украіна, Кіеў, родная нам краіна, таму важна ўлічваць, хто паедзе і як паедзе, і якія цяпер настроі ў Кіеве. Цяпер такія часы, што трэба на ўсё звяртаць увагу.

— Журы не баіцца фрыкаў. Журы радуецца фрыкам годнага ўзроўню. Не таннага. Узгадаем нават мінулагодняга Віталя Карпанава. Гурт "Дразды" можа паехаць на "Еўрабачанне". Але трэба паглядзець, як працуюць у падобным стылі гурты "Ленінград" ці Zdob si Zdub і ўбачыць свае памылкі. Не варта ператвараць гэта ў нейкую местачковасць, трэш.

Сябра журы “Еўрабачання”: Цікавасць да конкурса падае, яго часы мінулі
Віталь Варанко і Вадзік Ракета перад выхадам на сцэну

— У гэтым годзе на "Еўрабачанні" ад Беларусі я бачыў моцнага выканаўцу, напрыклад, Аляксея Гроса — пераможцу сёлетняга "Славянскага базара". У прынцыпе, яно амаль атрымалася, бо ў кастрычніку Белтэлерадыёкампанія даслала афіцыйны запыт прадзюсарскаму цэнтру "Спамаш", дзе паведамлялася, што Аляксея Гроса хочуць прызначыць прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні". Але па пэўных прычынах у "Спамашы" не раздзялілі пажаданне Белтэлерадыёкампаніі, і Аляксей не паехаў.

— Асноўны трэнд на "Еўрабачанні" — гэта самабытнасць. Мне падаецца, трэба адпраўляць асобаў. Чаму Украіна так паспяхова выступае на конкурсе цягам тых жа, што і мы, 14 гадоў? Пры гэтым яна ўжо мае дзве перамогі і кожны раз фактычна трапляе ў пяцёрку лепшых. Таму што яны адпраўляюць асобаў. Нам трэба вырошчваць, выхоўваць, шукаць гэтых асобаў, а не адпраўляць, таму што трэба адпраўляць.

— Нам трэба зноў прызначыць выканаўцу на "Еўрабачанне". Напрыклад, па выніках мінулага года я б выклікаў на сумоўе траіх выканаўцаў — таго ж Аляксея Гроса, Анастасію Малашкевіч і Navi. Запытаў бы пра планы на жыццё, творчасць, пацікавіўся б, кім яны сябе бачаць у далейшым, хто за імі стаіць, хто ім песню напіша, хто, калі што, будзе дапамагаць у фінансаванні. І кіруючыся іх адказамі і мінулагоднімі выступамі ў адборах, можна было б прымаць рашэнне і прызначаць прадстаўніка.

— Чаму не было зорак? Ёсць тры прычыны: у ліпені Алёна Ланская заявіла, што ў яе гатовая песня для "Еўрабачання", і лічачы яе сур'ёзнай канкурэнткай, многія не сталі рыхтавацца. Потым была заява Макса Фадзеева і чуткі пра прызначэнне Аляксея Гроса.

— Цікавасць да "Еўрабачання" падае, таму што скончылася пакаленне, якое расло на "Фабрыцы зорак" і "Народных артыстах". Тым, каму сёння 20, не цікавае "Еўрабачанне", яны яго не глядзяць. Не выключаю, што хутка з'явіцца новы конкурс на прасторах інтэрнета, які будзе цікавы новаму пакаленню. Часы конкурса, на жаль, мінулі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі