Сям'ю мінчукоў, затрыманых на выхадзе з царквы, асудзілі на 15 сутак
Актывіст Яўген Батура і яго жонка — журналістка "Новага Часу" Дзіяна Серадзюк асуджаныя на 15 сутак. Такі прысуд вынес суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк, паведамляюць праваабаронцы.
Сямейную пару затрымалі ўвечары 3 сакавіка на выхадзе з Кафедральнага сабора Святога Духа. Там беларускія маці ладзілі супольную малітву аб спыненні нападу Расіі на Украіну.
Абаіх затрыманых абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыянтам.
Яўген на судзе папрасіў прагледзець запісы камер рэгістратараў. Сведка-міліцыянт заявіў, што рэгістратараў не было, а камеры па тэхнічных прычынах не працавалі.
Зашыфраваны сведка А. Аляксандраў заявіў на судзе, быццам Дзіяна адмовілася выходзіць з міліцэйскага аўтамабіля, калі яе прывезлі ў РУУС. Дзяўчына запыталася ў яго "Вам не сорамна?", але суддзя зняў гэта пытанне.
Абаім прысудзілі па 15 сутак арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.